Беларускі фашызм на 9-га траўня


Дзень капітуляцыі Нямеччыны і, адпаведна, завяршэння Другой сусветнай вайны адзначае сёння шэраг краінаў Заходняй Еўропы. Толькі некаторыя, як Францыя і Брытанія – ладзяць свята з удзелам вайскоўцаў, але сёлета і ў гэтую традыцыю пандэмія ўнесла карэктывы. Масква муштруе маштабнае мілітары-шоу, на 9-га траўня. Менск таксама рыхтуецца да святкавання Дня перамогі і як ніколі гучна кажа пра фашызм.

Вялікі кветкавы дыван на Дзень перамогі над нацызмам – прыгожая Брусельская традыцыя, якую сёлета на святкаванне 8-га траўня падхапілі ў Чарнагорыі. Мэр Падгорыцы Іван Вукавіч прамовіў:

«Дзень Еўропы» – нагода ўспомніць усе каштоўнасці, закладзеныя ў аснову Еўразвязу – братэрства, салідарнасць, роўнасць у іншадумстве. І, перш за ўсё, антыфашызм».

Дзень Перамогі над фашысцкімі захопнікамі ў некаторых краінах былога СССР адзначаць заўтра. Вялікае значэнне гэтаму дню надае Расея, якая правяла рэпетыцыю параду на 9-га траўня.

Штогод святкуе Беларусь. У апошнія 7 месяцаў слова «фашызм» пачало тут гучаць у новым значэнні. Прыхільнікі пераменаў называюць фашысцкім – рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі, які пасля выбараў прапусціў праз арышты і гвалт – дзясяткі тысяч асобаў. Улада выкарыстоўвае той самы наратыў супраць пратэстоўцаў.

«Гэтыя людзі, якія ходзяць з палотнішчамі здраднікаў і калабарацыяністаў, яны для іх не сябры і не памочнікі», – перасцерагаў учора Аляксандр Лукашэнка і ён жа – вярхоўны галоўнакамандуючы, кажучы пра дапамогу ветэранам, зборам грошаў на якую сёлета заняліся «бел-чырвона-белыя», калі даведаліся, што дзяржава такіх выплатаў сёлета не плануе.

«Але ці возьмуць ветэраны гэтыя грошы? Не возьмуць ад іх, нават калі будуць паміраць з голаду», – пераконваў Лукашэнка.

На фоне кампаніі дапамогі ветэранам ад беларусаў і замежных фондаў, Лукашэнка перадумаў і 7-га траўня выдаткаваў ветэранам Br 65 млн.

Журналістцы «Белсату» напісалі родныя ветэрана з Узды:

«Сёння прынеслі дзядулі Br 1600 сацыяльныя работніцы. Злыя, сказалі, што ўсю ноч складалі спісы на выплаты ветэранам».

Старшыня райвыканкаму прынёс 95-гадоваму мужчыне пакет харчоў, а старшыня санстанцыі – маскі, градуснік і дзіцячы плед… Святкаваць трэба сціпла, а дапамагаць – шчодра, выказаліся мінакі:

«Можа на лекаванне нейкае, санаторый, дагляданне. Ветэраны ўжо ў гадах, можа патрабуюць пялюшак, памперсаў».

«Проста раздаць ветэранам, якіх і так засталося не шмат. Ім будзе гэта значна прыемней, чым за апошнія грошы нешта ў крамах набываць».

У Беларусі пражываюць 3337 ветэранаў, у тым ліку 1877 удзельнікаў ды інвалідаў вайны, 1057 узнагароджаных працаўнікоў тылу, 317 блакаднікаў Ленінграду. Праз слабое здароўе святкаваць на плошчах будуць нямногія ветэраны. Менск жа да ўрачыстасцяў гатовы. Распачнецца яно ўскладаннем кветак на плошчы Перамогі і скончыцца салютам. Сёлета ўсё ж без параду і авіяшоу. Але не толькі дзеля таго, каб абмежаваць выдаткі…

«Яны зараз спрабуюць абмежаваць маштаб святкаванняў проста каб не сутыкнуцца з варожаю для сябе чалавечаю масай. Як гэта было ў Румыніі, калі румынскія камуністы на афіцыйным мітынгу сутыкнуліся з людзьмі, якія жадалі зменаў».

Прыхільнікі пераменаў у Беларусі заўтра абавязкова выйдуць, перакананы кіраўнік НАК Павел Латушка:

«9 траўня менавіта той дзень, калі легальна, у межах дзяржаўнага свята мы можам выйсці на вуліцы гарадоў Беларусі раніцай, днём ці ўвечары і паказаць, што мы разам, аб’яднаныя ў нашай мэце».

Апазіцыя заклікае не браць з сабою нацыянальных сімвалаў, каб не правакаваць затрыманні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»