«EPAM Systems» застаецца ў Беларусі, але ідзе з Расеі


«EPAM Systems» застаецца ў Беларусі, але ідзе з Расеі, дзе спыняе ўсе аперацыі. Прычына – адмоўнае стаўленне да вайны ва Украіне – паведаміў супрацоўнікам заснавальнік кампаніі Аркадзь Добкін. Пытанне, які лёс чакае шэсць тысяч працаўнікоў «Іпам Сістэмз» у Расеі і… ці ўдасца кампаніі з такою палітычнай пазіцыяй застацца ў айчынным Парку высокіх тэхналогіяў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Акцыі рэзідэнта беларускага ПВТ – амерыканскай кампаніі «EPAM Systems» адрэагавалі ростам больш чым у 12 % – на навіну пра адыход кампаніі з Расеі.

Паводле Камісіі ЗША па каштоўных паперах і біржах, распрацоўнік спыніць сваю дзейнасць у РФ на працягу трох месяцаў.

«Devby» цытуе ліст заснавальніка EPAM Аркадзя Добкіна да супрацоўнікаў:

«Паважаныя калегі, вайна ва Украіне, распачатая расейскімі ўладамі, прынесла трагічную і няўяўную рэальнасць народу Украіны, усяму свету і EPAM. Гэтая агрэсія спусташальная, і мы самым рашучым чынам яе асуджаем».

Раней EPAM заявіў, што выдаткуе 100 мільёнаў долараў на падтрыманне сваіх супрацоўнікаў ва Украіне.

4 сакавіка кампанія спыніла абслугоўванне карпаратыўных кліентаў у Расеі і перастала набіраць супрацоўнікаў у расейскі і беларускі офісы. У наступныя чатыры дні ішлі кансультацыі з кліентамі і партнёрамі па ўсім свеце. Ананімная крыніца паведаміла «Белсату»:

«Буйныя замоўцы значна больш пераймаюцца за сваю рэпутацыю. Гэта было бачна адразу. Буйныя кліенты, у якіх ёсць рэпутацыя, у якіх ёсць сусветныя брэнды адразу заявілі што хочуць спыняць праекты з і недзе з Беларуссю. Дробныя кліенты былі троху больш “easy” у гэтай сітуацыі».

EPAM – найбуйнейшы распрацоўнік праектнага праграмнага забеспячэння на замову, адзін з вядучых гульцоў у галіне ІТ-кансалтынгу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Колькасць персаналу ў Расеі – каля 6000. Паводле нашай крыніцы – частцы прапанавана пераехаць разам з кампаніяй у іншыя лакацыі. Іншым – перайсці ў праекты сваіх кліентаў у Расеі.

У Беларусі – кампанія пакуль застаецца. Гэта сімвал Парку Высокіх Тэхналогіяў, які стаяў у вытокаў заснавання ПВТ.

«Санкцыі пакуль наўпрост не закранулі ІТ-сектар. Пакуль дастатковая колькасць кліентаў працуюць і з Беларуссю хоць вялікая колькасць ужо заявіла пра планы на выхад», – кажа IT-спецыяліст з Беларусі.

Пад час штогадовага паслання беларусам Аляксандр Лукашэнка прапанаваў рэзідэнтам ПВТ вызначыцца, падтрымліваюць яны дзейную ўладу, ці варожую ёй палітыку… У выпадку EPAM – ні слова пра палітычны рэжым у Беларусі, але поўнае падтрыманне Украіны, супраць якой дзеюць Лукашэнка і Пуцін.

Юлія Цяльпук, «Белсат»