Эмбарга для Расеі: «Такога кшталту санкцыі не ўжываліся нават у самыя змрочныя гады халоднай вайны»


Ужо з сёлетняга жніўня Еўразвяз уводзіць эмбарга на імпарт вугалю ды іншых цвёрдых энерганосьбітаў з Расеі. Акрамя таго, расейскім суднам забаронена ўваходзіць у парты Еўразвязу. Таксама ўводзіцца забарона на грузавыя аўтаперавозкі расейскіх і беларускіх транспартных кампаніяў. Што праўда, на некаторыя грузы новыя санкцыі не пашыраюцца. Выключэнні са спісу абмежаванняў датычаць шэрагу фармацэўтычнай, медычнай, сельскагаспадарчай прадукцыі і транспартавання гуманітарнай дапамогі. Уласна, і караблі пад расейскімі сцягамі могуць заходзіць у парты Еўразвязу, калі вязуць гэтага кшталту грузы або энерганосьбіты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ужо больш за тры тыдні актывісты ладзяць акцыі блакавання магістраляў. Дзясяткі грамадзянаў Украіны, Беларусі, Польшчы і Нямеччыны перакрываюць дарогі, каб фуры, што вязуць тавары ў Расею, не маглі туды трапіць. Цягам апошніх содняў ніводная фура не пераехала мяжу, паведамляе ўкраінскі актывіст Яўген Клімакін.

«Мы тут святкавалі невялікую перамогу. Пяты санкцыйны пакет прынялі – і гэта азначае, што мы развітваемся з транспартавымі фірмамі з Расеі і Беларусі. Неўзабаве яны зусім знікнуць», – кажа Яўген Клімакін.

Што праўда, як кажуць самі актывісты, праблема не развязаная, бо фуры з іншых краінаў працягваюць перавозіць тавары, а гэта азначае, што еўрапейскія фірмы працягваюць весці справы з Расеяй і тым самым фінансаваць праз падаткі вайну ва Украіне.

«Штодня, паводле польскіх афіцыйных звестак, праз мяжу паміж Польшчай і Беларуссю праязджае больш за тысячу фураў», – кажа ўкраінская актывістка Наталля Панчанка.

Уведзеныя абмежаванні не крытычныя, лічаць эксперты, бо агульныя страты расейскага экспарту складуць каля пяці мільёнаў еўраў за год, гэта ўсяго толькі адна дзясятая адсотка ўсяго экспарту.

«Фурамі вязуць тавары народнага спажывання. Адпаведна, пастаўкі з Расеі (сыравіна) па чыгунцы, праз парты пакуль захоўваюцца – а насычэнне расейскага спажывецкага рынку пад пагрозай», – кажа эканамічны аглядальнік Максім Блант.

На яго думку, пад пагрозай не столькі грузаперавозкі, колькі расейскі рытэйл, які можа згубіць да сямідзесяці адсоткаў выручкі.

«Калі абмяркоўваўся пяты пакет санкцыяў, Літва выступіла з ініцыятывай увогуле закрыць усе грузаперавозкі з Расеяй – і гэта паставіла б пад пагрозу Калінінградскі эксклаў у Расеі, бо тады засталося б толькі паветра над Балтыкай і марскія перавозкі», – кажа Максім Блант.

Кіраўнік расейскага ўраду, выступаючы перад дэпутатамі Дзяржаўнай думы, адзначыў, што мэта санкцыяў – стварыць дэфіцыт спажывецкіх тавараў і выклікаць сацыяльныя хваляванні. Мішусцін пэўны, што аўтары санкцыяў мелі намер разбурыць эканоміку Расеі цягам некалькіх дзён, але план не спрацаваў.

«Такога кшталту санкцыі не ўжываліся нават у самыя змрочныя гады халоднай вайны. Іх мэта – адкінуць нас на гады ці нават дзесяцігоддзі, адрэзаць ад свету, змусіць Расею адмовіцца ад перспектыўных эканамічных і сацыяльных праектаў, ударыць па ўзроўні жыцця нашых людзей», – заявіў старшыня ўраду РФ Міхаіл Мішусцін.

На сённяшні дзень Расея стала сусветным лідарам у колькасці санкцыяў, яна апярэджвае Сірыю і Іран, узятыя разам. Большая частка санкцыяў мае адкладзены эфект, а галоўная іх мэта – спыніць вайну ва Украіне. Бо вайна заканчваецца тады, калі яна робіцца эканамічна нявыгаднай.

Ігар Віняўскі, «Белсат»