Расея сцягвае войскі і пагражае «абаронай расейцаў» ва Украіне


Расея ў чарговы раз пагражае Украіне г.зв. «абаронай расейцаў» і сцягвае войскі да межаў нашай паўднёвай суседкі. Украіна ж рыхтуецца да магчымага адбіцця агрэсіі і заручаецца міжнародным падтрыманнем. На Данбасе па-ранейшаму неспакойна і гінуць украінскія вайскоўцы.

Расейскі палігон Пагонава, 250 кіламетраў ад Украіны, сотні адзінак бронетэхнікі. Супольнасць Bellingcat і расследавальнікі New York Times апублікавалі спадарожнікавыя здымкі лагеру. Паводле іх, вайсковыя намёты з’явіліся ў канцы сакавіка – на пачатку красавіка. Міжнародная група расследавальнікаў Conflict Intelligence Team публікуе відэа мясцовых жыхароў. На кадрах відаць баявыя машыны пяхоты ды агнямётныя сістэмы. На фоне гэтых паведамленняў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыехаў на Данбас, каб падтрымаць вайскоўцаў.

«Як вярхоўны галоўнакамандуючы, я хачу быць з нашымі жаўнерамі ў цяжкі час для Данбасу. Едзем на месцы абвастрэння. Няхай спачывае ў спакоі 23-гадовы жаўнер, якога застрэлілі мінулай ноччу. Украіне патрэбны мір, і яна зробіць усё дзеля гэтага», – напісаў Уладзімір Зяленскі.

Пакуль прэзідэнт Зяленскі на перадавой, у Кіеў прыляцеў міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў. Ён заявіў пра неабходнасць кансалідацыі міжнароднага падтрымання Украіны на еўрапейскай пляцоўцы і абмеркаваў з кіраўніком мясцовага МЗС Дмытром Кулэбам паглыбленне вайскова-палітычнае супрацы.

«Незалежная і бяспечная Украіна – неад’емная частка Еўропы, якая застаецца вернай фундаментальным прынцыпам Парыжскае хартыі для новай Еўропы», – заявіў Збігнеў Раў.

Некаторыя ўкраінскія ж адмыслоўцы мяркуюць, што фота і відэа, на якіх бачная расейская вайсковая тэхніка ля ўкраінскае мяжы, а таксама дастаўка тэхнікі чыгункаю з аддаленых рэгіёнаў, – гэта спроба Крамля прымусіць Кіеў сесці за стол перамоваў ды зацвердзіць менскія пагадненні на сваіх умовах. Маўляў, дэманстратыўна перавозіць танкі – не лагічна для адкрытых ваенных дзеянняў.

«Наступы не праводзяць вось так карцінна: «Ведаеце: мы рыхтуемся – рыхтуйцеся да абароны» – ідзем, ідзем, ідзем. Калі ўжо рыхтуецца нейкі наступ, то так, каб пра яго не ведалі. Штосьці было – вось эфект нечаканасці захаваць. А калі перасоўваюць – вось мы тыдзень ідзем, два, а вы рыхтуйцеся і бойцеся нас», – гаворыць Аляксандр Мусіенка, кіраўнік Цэнтру вайскова-прававых даследаванняў з Кіева.

У Крамлі заявілі, што справа ва ўкраінскім баку. Падчас сённяшняе тэлефоннай размовы, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін звярнуў увагу канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель на, цытата, «правакацыйныя дзеянні Кіева», нібыта гэта Украіна мэтанакіравана абвастрае абстаноўку. Расея сцвярджае, што гэта менавіта ўкраінскія ўлады маюць наладзіць наўпроставы дыялог з прадстаўнікамі г. зв. ЛНР і ДНР і афармленне асаблівага статусу Данбасу.

Намеснік старшыні адміністрацыі прэзідэнта Расеі Дзмітрый Козак заявіў пра імавернасць, цытата, стаць на абарону сваіх грамадзянаў – Масква раздала жыхарам акупаванай часткі Данбасу больш за 600 тысячаў расейскіх пашпартоў.

У выпадку магчымых перамоваў узнікае пытанне, дзе яны будуць адбывацца. Ранейшыя дамоўленасці наконт Данбасу падпісвалі ў Менску. Цяпер украінская дэлегацыя адмовілася прыязджаць у Беларусь, бо лічыць нашую тэрыторыю занадта залежнай ад Расеі і не вартай даверу.

Валерыя Кірычава, Вітаўт Сіўчык, «Белсат»