Кнігу журналістаў «Белсату» «Беларускі Данбас» прэзентавалі ў Кіеве


Сёння ў Кіеве прадстаўніцтва «Белсата» разам з Нацыянальным саюзам журналістаў Украіны прэзентавалі кнігу аўтарства нашых калегаў-белсатаўцаў. Дакументальнае расследаванне «Беларускі Данбас» распавядае пра ўплыў Беларусі на канфлікт у Данецкай і Луганскай вобласцях ды пра ролю КДБ і іншых сілавікоў у гэтых падзеях.

Кнігу «Беларускі Данбас» журналісты-расследавальнікі «Белсату» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш дапісалі ў 2019-м годзе. А сёлета суд Кастрычніцкага раёну сталіцы прызнаў яе экстрэмісцкай, ды нават аштрафаваў журналіста Рамана Васюковіча за ўвоз двух экзэмпляраў у Беларусь – «заднім чыслом», бо Васюковіч перасякаў мяжу яшчэ ў снежні.

Сёння ў Кіеве адбылася адмысловая прэзентацыя «Беларускага Данбасу» для ўкраінскіх медыяў і ўсіх ахвотных онлайн.

«Гэта важная дакументальная кніга, якая ёсць нязручнай праўдай для ўладаў Беларусі, таму што дакументальна разбурае міф пра нейтральнасць беларускай улады ў вайне на ўкраінскай тэрыторыі. А таксама кніга ёсць унёскам у раскрыццё праўды і дакументаванне трагічных падзеяў, якія і сёння адбываюцца на ўсходзе Украіны», – распавёў на прэзентацыі Сяргей Таміленка, старшыня Нацыянальнага Саюзу журналістаў Украіны.

У кнізе Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш распавядаюць гісторыі беларусаў з абодвух бакоў канфлікту, пра нелегальны гандаль дзяржаўных прадпрыемстваў з фармаваннямі «ЛНР» і «ДНР», пра інфармацыйную стратэгію афіцыйнага Менску ў расейска-ўкраінскай гібрыднай вайне, і, што балюча для ўладаў, – пра тое, як спецслужбы і міліцыя ігнаравалі адпачынак прарасейскіх баевікоў беларускага паходжання на Радзіме, паміж баявымі дзеяннямі.

«Мы ў сваёй кнізе даказваем, што нягледзячы на ўсю міратворчую рыторыку, рэжым Лукашэнкі заставаўся надзейным хаўруснікам пуцінскай Расеі на працягу ўсяго канфлікту», – кажа Ігар Ільяш, муж і суаўтар Кацярыны Андрэевай.

Сёлета кнігу перакладуць на ўкраінскую і англійскую мовы.

«Яна была прызнаная экстрэмісцкай у Беларусі, бо яна пра Беларусь, гэтаксама, як пра Украіну і пра Данбас. Яна пра той рэжым, які сёння правіць у Беларусі і які знішчае свабоду слова, які знішчае дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі, вельмі блізкай для Украіны, братэрскай для нас», – распавёў Аляксей Ганчарэнка, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, кіраўнік міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь».

Кацярыну Андрэеву разам з аператаркай «Белсату» Дар’яй Чульцовай суддзя Наталля Бугук пасадзіла на 2 гады калоніі за вядзенне жывога рэпартажу з плошчы Пераменаў у Менску, дзе міліцыя разганяла мірную акцыю ў гонар забітага Рамана Бандарэнкі.

«Пасля таго, як арыштавалі Кацярыну, мы пачалі акцыю – продаж электроннай версіі кнігі за 1 грыўню. І я бачу геаграфію, яе замаўляюць у розных краінах, і ў Беларусі, і ў Еўразвязе, і ў Расеі», – паведаміў генеральны дырэктар выдавецтва «Фоліо» Аляксандр Красавіцкі.

«Людзі рэагуюць так: калі нешта забараняюць, значыць, гэта цікава, гэта важна, гэта трэба чытаць», – адзначае Ігар Ільяш.

У Жодзінскай турме Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай адміністрацыя надала статус асобаў, «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Цяпер іхныя камеры пазначаныя карычневай карткай, а Каця і Даша абавязаныя быць у адмысловым месцы камеры, калі туды ўваходзіць канваір.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»