Жанчыны за кратамі – 38 жанчын праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі


У Беларусі 49 жанчын утрымліваюцца за кратамі або пад хатнім арыштам. Абвінавачванні, якія ім выстаўляюць следчыя з’яўляюцца палітычна матываваныя. 38 жанчын праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі.

«У такім узросце я яе добра памятаю, яна такая плаксівая, калі зачапіць – пачынае плакаць, мы часта з ёй гулялі, удвух, у нас розніца паўтара года, яна вельмі любіла гуляць з сабакамі, катамі», – кажа Генадзь Касьян.

Брат Наталлі Хершэ згадвае сястру ў дзяцінстве. Большую частку свайго жыцця яна правяла тут, у невялікай кватэры ў Воршы. У 39 гадоў з‘ехала ў Швейцарыю і пачынала жыццё наноў разам з двума дзецьмі. Там яна пражыла 12 гадоў.

«Такой рашучай, такой адважнай яна стала, вядома, будучы ў Швейцарыі. Бо калі ўзгадаць, якой яна была да ад‘езду, яна нават не цікавілася палітыкай», – узгадвае брат.

Улетку Наталля прыехала ў Беларусь. За супраціў амапаўцу на адным з жаночых маршаў атрымала два з паловаю гады зняволення. Гэта пакуль найвялікшы тэрмін сярод жанчын – палітычных зняволеных.

Праз тое, што да Наталлі не даходзілі лісты, яна двойчы абвяшчала галадоўку. На мінулым тыдні яе перавялі ў гомельскую папраўчую калонію. Тут жанчыны мусяць працаваць – шыць, у тым ліку форму для міліцыянтаў.

«Маёй віны няма, і нават калі яны мне скажуць, што мой тэрмін памножаць на 3 – я не буду працаваць! Наконт памілавання аналагічна, пра якое памілаванне можа весціся, калі я гэтага не рабіла?», – піша Наталля Хершэ ў лістах.

За адмову працаваць у калоніі можна трапіць у штрафны ізалятар. Але Наталля піша: вытрымаю.

Некаторы час Наталля сядзела ў адной камеры з журналісткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай. Яе і Дар‘ю Чульцову прысудзілі да двух гадоў калоніі за стрым з пратэстаў. Сёння калегі збіраюць святочныя бандэролі для дзяўчат з касметыкаю ды сухафруктамі.

«Вельмі прыкра, што дзяўчаты сустракаюць вясну там, такі перыяд, калі ўсё квітнее і жыццём набіраецца. І хочацца, каб яны разумелі, што мы пра іх памятаем, клапоцімся і думаем пра іх», – кажа журналістка Хрысціна Чарняўская.

Яшчэ прынамсі пару тыдняў Кацярына і Дар‘я правядуць на Валадарцы. Яны чакаюць перагляду справы ў Менскім гарадскім судзе.

«Самае дзіўнае, што я не адчуваю злосці, крыўды, прагі помсты да таго, хто прыняў рашэнне паступіць так з намі, са мной. Маральны стан – спакойны, гатовасць да ўсяго», – піша Кацярына Андрэева.

«Гэта не працягнецца вечна, у мяне ўсё будзе добра, гэта ж не канец жыцця. Шкада, што не магу пісаць шмат, але магу сказаць, што мы ўсе з гэтым справімся», – піша Дар’я Чульцова.

Яшчэ адна журналістка, але ўжо дзяржаўнага тэлебачання, Ксенія Луцкіна больш за два месяцы застаецца ў СІЗА. З Белтэлерадыёкампаніі яна звольнілася на знак пратэсту і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады. Цяпер яе вінаваць ва ўхіленні ад аплаты падаткаў.

«Жыццярадаснасць – наша ўсё. Не толькі ў гэтых утульных сценах, але для ўсіх беларусаў. Менавіта гэтая ўласцівасць дазваляе нашай нацыі жыць шмат стагоддзяў. Для нас бяда не бяда. Мы заўсёды можам сысці ў лес або скласці мільён анекдотаў на самую змрочную тэму», – піша Ксенія Луцкіна.

На тэлебачанні Ксенія прапрацавала 15 гадоў, займалася гістарычнаю дакументалістыкай.

«З 7-га класу яна моцна стала вывучаць гісторыю, удзельнічала ў рэспубліканскіх алімпіядах, займала прызавыя месцы. Таму калі стаў выбар аб атрыманні адукацыі, яна, вядома, захацела паступіць у БДУ на гістарычны факультэт», – расказвае Алег Луцкін, бацька журналісткі.

З лістоў відаць, што настрой у Ксеніі баявы.

«Не зламаць», – цытуе бацька.

У сувязі з палітычнаю сітуацыяй цяпер агулам 49 жанчын утрымліваюцца за кратамі або пад хатнім арыштам. 38 жанчын праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі. Сярод іх і Марыя Калеснікава. У адной з лідарак беларускага пратэсту сёння меўся скончыцца тэрмін утрымання пад вартаю. У верасні жанчына разарвала пашпарт, каб застацца ў Беларусі, і трапіла за краты.

Наста Кахановіч, «Белсат»