Жанчыны пратэстуюць. «Тое, што адбываецца апошнія 26 год у краіне, мяне не задавальняе»


Вольга Семчанка, як шматлікія беларусы, змяніла звыклы лад жыцця. Нядаўна яна страціла і працу і службовае жытло. Жанчына загадвала літаратурна-драматычнай часткай у Магілёўскім драмтэатры, але яе звольнілі – нібыта за невыкананне працоўных абавязкаў. Разам з калегамі Вольга дамагалася аднаўлення звольненага падчас пратэстаў дырэктара тэатру Андрэя Новікава.

«Я прымала ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Магілёве, у шэсцях, мітынгах, якія былі. Я не арганізатар, а проста далучалася да людзей. Таму што я была ўнутрана не згодная з тым, што адбываецца ў краіне – і гвалт над людзьмі, і забойствы, і збіццё, і тое, што адбываецца апошнія 26 год у краіне, мяне не задавальняла», – тлумачыць Вольга Семчанка.

Першую асобную акцыю жанчыны, не задаволеныя тым, што адбываецца ў краіне, зладзілі 12 жніўня, пратэстуючы супраць гвалту над не згоднымі з вынікамі выбараў. Тады некалькі сотняў беларусак у белым адзенні з кветкамі ў руках выстраіліся ў ланцугі салідарнасці.

Але яшчэ да гэтай даты тры жанчыны аб’ядналі свае высілкі, каб уступіць у выбарчае змаганне, такім чынам баронячы затрыманых мужчынаў. І да сённяшняга дня жанчыны заўважныя ў беларускіх падзеях.

«Беларуская жанчына – гэта і ўсмешка Марыі Калеснікавай. І бясстрашнасць Ніны Багінскай. Гэта бясцэнны досвед Ліліі Уласавай, якую называюць маці беларускай медыяцыі. І гэта стойкасць Наталлі Хершэ, якая абвясціла галадоўку. Беларуская жанчына – гэта матчын клопат Дашы Лосік, якая гадуе дачку, пакуль муж у турме», – кажа Святлана Ціханоўская ў віншаванні беларускім жанчынам.

Бачаць удзел жанчын у пратэстах і ўлады, асаблівым чынам рэагуючы на яго. Праваабаронцы неаднаразова паведамлялі пра неапраўдана жорсткія затрыманні ды ўмовы ўтрымання жанчын пад вартаю. Пра збіццё і ґвалт, у тым ліку сексуальны, сведчаць справаздачы Камітэту для расследавання катаванняў. Незаконныя дзеянні зафіксаваныя і ў дачыненні маці няпоўнагадовых дзяцей – іх трымалі пад арыштам нягледзячы на тое, што закон забараняе такое пакаранне для іх.

Што праўда, большасць апытаных намі менчукоў змагла назваць імёны толькі дзвюх жанчын, якія паўплывалі на грамадска-палітычнае жыццё нашай краіны:

«У нас адна жанчына, да якой мы прыслухоўваемся, рэшту, на жаль, пасадзілі. Гэта Ціханоўская Святлана».

«Напэўна, Марыя Калеснікава, яна такі герой».

«Я толькі Ціханоўскую прызнаю пакуль што, бо гэта мой лідар».

«Вельмі падабаецца Марыя Калеснікава».

Але, мяркуюць менчукі, важны і ўплывовы ў сённяшняй сітуацыі ў Беларусі – кожны. І кожная:

«Я думаю, любая жанчына, якая разумее сутнасць сітуацыі ў краіне, – любая гераіня і любая гатовая выйсці за сваю сямʼю. Так што – кожная з нас».

І з кожнай беларускай жанчынай атаясамлівае сябе Святлана Ціханоўская, якая таксама мусіла змяніць звыклы лад жыцця праз падзеі ў краіне:

«І сёння, 8 сакавіка, у Дзень жаночай салідарнасці, я хачу павіншаваць вас, дарагія мае беларускі. 2020-ы паказаў, што нашай любові і сілы хопіць на ўвесь свет. Я ўпэўненая, што, адзначаючы гэтае свята, сёння ўвесь свет захапляецца менавіта беларускімі жанчынамі. І я ганаруся і шчаслівая быць адной з вас».

Як і шматлікія беларускі, сёння Вольга Семчанка не будуе доўгатэрміновых планаў і ўскладае чаканні на новую будучыню ў вольнай Беларусі. Пакуль жа жанчына займаецца папулярызацыяй народнай культуры і ўзначальвае клуб аматараў народных танцаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»