Правы… пасля абавязкаў. Як жанчыны дамагаліся роўнасці


Роўнасць усіх людзей, незалежна ад полу, расы і веравызнання… Гэта з Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека, прынятай у сярэдзіне 20-га стагоддзя, калі жанчына ў шэрагу больш развітых краінаў ужо займела шэраг правоў – працаваць, галасаваць, навучацца. Распачатае на пачатку стагоддзя змаганне на чале з сацыял-дэмакрытычнымі партыямі, давала плён, але і ўсталёўвала верхнюю планку.

Ідэя роўнасці ўсіх людзей папярэднічала ўзнікненню на пераломе 19-20-га стагоддзяў жаночага руху. Гендарнай роўнасці патрабавалі сацыял-дэмакраты ў развітых прамыслова – найперш ЗША, а потым Нямеччыны і скандынаўскіх краінаў.

«Спачатку ў ЗША выбралі дзень, калі дэманстрацыі і іншая актыўнасць мелася нагадаць пра эканамічныя і палітычныя правы жанчыны. Пазней гэтую ініцыятыву перахапілі еўрапейскія краіны і тут першасная роля была за сацыял-дэмакратамі Нямеччыны, уласна і Клараю Цэткін, якая адаптавала і зрабіла вельмі шмат для прапаганды», – кажа Андрэй Чарнякевіч, гісторык.

Клару Цэткін і Розу Люксембург мы сёння лічым пачынальніцамі феміністычнага руху. У 1911-ым годзе яны абвесцілі 19-га сакавіка днём, калі жанчыны будуць ладзіць шэсці і мітынгі, дамагаючыся, між іншага, годнай працы і магчымасці галасаваць.

А ўжо напярэдадні першай Сусветнай вайны ідэя дакацілася да Расеі, дзе сацыял-дэмакраты таксама мелі вельмі моцны ўплыў. Пад час вайны жанчыны ўзялі на сябе працу, якая дагэтуль лічылася мужчынскаю. Змянілася іхная роля ў грамадстве.

Але вытокі святкавання сённяшняй нашай даты звязаныя з лютаўскай рэвалюцыяй, якая паклала пачатак бальшавіцкаму перавароту…

«23 лютага 1917 года жанчыны Петраграду выйшлі на вуліцы з патрабаваннямі хлеба і свабоды, што скончылася ў выніку звяржэннем цара. Гэтую дату потым пералічылі ў 8-га сакавіка і яна паклала пачатак жаночага свята», – лічыць Андрэй Чарнякевіч, гісторык.

Жаночы рух на Беларускіх тэрыторыях СССР налічваў шэраг арганізацыяў, у тым ліку габрэйскіх, распавяла гендарная экспертка Алена Гарэлышава:

«Усё сканчаецца менавіта кастрычніцкай рэвалюцыяй. Партыя папросту прысвоіла жаночае пытанне сабе, кажучы, што нам не патрэбныя ніякія грамадскія арганізацыі, што было часткаю дзяржаўнай палітыкі. Усе, хто рабіў нешта незалежна ад кампартыі, падвяргаліся рэпрэсіям.Таму пытанне жаночых правоў замарозілася».

Указам Вярхоўнага Савету СССР жаночае свята, пазбаўленае матыву змагання за правы жанчын, заіснавала ў 1966-ым годзе і стала непрацоўным днём.

Агулам у жаночым пытанні СССР быў параўнальна прагрэсіўны – была магчымасць аддаць дзіця ў яслі, развесціся, зрабіць аборт. Што да права працаваць…

«Насельніцтва было настолькі катастрафічна малое, пры тым што трэба было займацца калектывізацыяй ды індустрыялізацыяй, што дзяржава не магла сабе дазволіць, калі палова насельніцтва сядзіць удома і клапоціцца пра дом», – кажа Алена Гарэлышава.

Клапаціцца пра дом і дзяцей жанчына мелася да і пасля змены на трактары. І толькі ў 1975-ым годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў абвесціла 8-га сакавіка Міжнародным жаночым Днём, які прадугледжвае дыскусію пра раўнапраўе.

У Беларусі ж яна ўзнялася з новаю моцаю ў 90-я гады: да працы далучыліся заходнія фонды, паўсталі новыя грамадскія арганізацыі. Найстарэйшая – «Гендарныя перспектывы», якая між іншага абараняе кабет ад хатняга гвалту. Ці дасягнулі беларускі гендарнай роўнасці, разважаюць жыхары Бабруйску:

«Бывае што жанчына працуе як мужчына, але зарабляе менш».

«У сям’і жанчына часта лідарам з’яўляецца».

«Хацелася б каб жанчыны былі роўныя з мужчынамі нават у бытавым плане».

«Адказныя мужчынскія паводзіны ў сям’і і грамадстве – гэта вельмі важна. Таму што калі жанчына пачынае браць на сябе адказнасць мужчыны, мужчына кладзецца на канапу».

Юлія Цяльпук, «Белсат»