Палітычны суд, палітычны пераслед, калонія. Выракі дня


Ператрусамі распачаўся сённяшні дзень для больш як дзесяці чальцоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» у Пінску. Са словаў міліцыянтаў, у межах распачатай крымінальнай справы яны шукалі фарбы, якімі невядомыя размалявалі аўтобусныя прыпынкі ў горадзе.

Выбарачна вынялі, аднак, камп’ютары і электронныя носьбіты інфармацыі. Лідарку ж пінскага офісу партыі даставілі ў гарадскі аддзел крымінальнага вышуку, узялі адбіткі пальцаў ды правялі допыт.

«Праводзілі са мной допыт на прадмет таго, дзе я знаходзілася 29 снежня і 7га студзеня. Ці ведаю я пра тое, хто наносіў надпісы на праспекце Жукоўскага, ці не я іх наносіла, я сказала, што паясніць мне няма чаго, і надпісы гэтыя я не наносіла і пра тых, хто іх наносіў, мне нічога не вядома», – кажа Вераніка Іванова, лідарка БСДП «Грамада» у Пінску.

У Маладзечне ж на тры з паловаю гады калоніі асудзілі Вадзіма Гурмана. Яго абвінавацілі ў падбухторванні да беспарадкаў ды пагрозе працаўніку маладзечанскага РАУСу гвалтам на акцыі 9-га жніўня. Сам жа Вадзім на допыце распавёў, што працаўнікі АМАПу пры затрыманні збівалі яго, ужывалі слезацечны газ і пагражалі згвалтаваннем. Сямʼя Вадзіма настойвае на ягонай невінаватасці.

«Гэта было даказана адвакатам. Дзеянні праваахоўных органаў, Следчага камітэту, пракуратуры былі не даказаны і не абгрунтаваныя. Працаўніку следчага камітэту, калі яго білі, ён у парку за яго заступіўся, ён яго выцягнуў з-пад сябе, прыкрыў сабой – гэта сказаў на судзе», – распавяла маці асуджанага Вольга Кузьміна.

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва прызнаў Аляксея Мельнікава вінаватым адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу за рыхтаванне злачынства, масавыя беспарадкі, незаконныя дзеянні ў дачыненні зброі і боепрыпасаў. Ды асобна – за незаконныя дзеянні з выкарыстаннем гаручых рэчываў. Мужчыну асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паседжанне адбылося ў закрытым рэжыме. Сваю віну Аляксей Мельнікаў прызнаў часткова – захоўваў удома абрэз.

– Сваю віну не прызналі, а чаму?

– Масавыя беспарадкі не прызнаю, а захоўванне зброі прызнаў.

– А тое, што вам інкрымінавалі, гэта сапраўды вы хацелі зрабіць?

– Не.

Напярэдадні паўгоддзя пратэстаў у Беларусі «Amnesty international» зрабіла адмысловую заяву, у якой адзначыла пераслед дзяцей і падлеткаў, звязаных з супрацівам рэжыму Лукашэнкі. Гэтак, адныя няпоўнагадовыя жывуць пад пагрозаю зняволення, іншыя – сутыкаюцца з ціскам на бацькоў і страхам страціць сямʼю, калі маму і тату паставяць на ўлік сацыяльна небяспечных.

«Трэба забараняць хадзіць на пратэсты дзецям. Дзецям не месца там».

– Я лічу, што яны таксама асобы і таксама хочуць выказацца.

– Мы ж жывем у вольнай краіне і маем права выбару і голасу.

За амаль паўгода супраціву ў Беларусі, які распачаўся пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, сотні ўдзельнікаў пратэстаў прайшлі праз штрафы, арышты, збіццё і гвалт, пагрозы, а таксама рэальныя тэрміны паводле крымінальных абвінавачанняў. Толькі за апошні месяц у Беларусі затрымалі больш за 870 асобаў.

«Мы цяпер уступілі ў такі этап масавых судоў над актыўнымі грамадзянамі. Улады намагаюцца максімальна запужаць, вылічыць грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, прыцягнуць да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Пад ціск трапляюць таксама незалежныя журналісты, блогеры ды адміністратары тэлеграм-каналаў. Цяпер за кратамі – 9 журналістаў, у тым ліку журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова. Суд над імі адбудзецца заўтра, наш тэлеканал будзе весці адмысловы эфір з 10-ай 30 раніцы.

Юлія Лабанава, «Белсат»