Лісты палітычным зняволеным


У Беларусі ўжо 228 палітычных зняволеных. каб падтрымаць людзей, які цяпер за кратамі, беларусы пішуць ім лісты.

«Акрамя паштоўкі, нам патрэбны будзе канверт, і ўнутраны канверт. Прычым унутраны трэба будзе сфоткаць, каб я ўнесла ў базу і ведала, які я дасылала», – расказвае Настасся.

Яна некалькі месяцаў лістуецца з палітычнымі вязнямі. Яна напісала больш за сотню лістоў, аднак у адказ атрымала ў шмат разоў менш. Свае лісты і нумары канвертаў дзяўчына ўносіць у табліцу, каб адсочваць колькасць адказаў і час, які спатрэбіўся, каб прыйшоў ліст.

«Даслала 27 лістапада, а ён мне піша, атрымліваецца, 8 снежня. А ліст я атрымала, ну вось 14 снежня ён паступіў, чысла 15-га я яго атрымала, тыдзень», – кажа Настасся.

Каб пачаць ліставанне, Настасся раіць пісаць пра побытавыя рэчы ці задаваць нейтральныя пытанні.

«Не пісаць ніякіх палітычных навінаў, таму што гэта бессэнсоўна. І асаблівы лайфхак ад мяне як ад юрыста не пісаць пра прагулкі, мітынгі, таму што гэты ліст можа легчы ў аснову абвінаваўчага прысуду», – перакананая дзяўчына.

«Напрыклад, калі гэта захад сонца можа быць тут, часам сонейка можа быць вышэй», – гэтак вучыць свараць паштоўкі зняволеным выкладчыца малявання Ірына Свірыд на бясплатных майстар-класах у Менску.

«Мы пісалі лісты, і я ведаю, наколькі гэта важна. Магчыма, гэта будзе не палітычным зняволеным, магчыма, гэта будзе сваёй сяброўцы, каторая цяпер вельмі моцна перажывае, ну і ў першую чаргу нам дапамагчы, тым, хто малюе», – кажа Ірына Свірыд.

«Хочацца падтрымаць тых дзяцей, якія там яшчэ, якія апынуліся ў такім становішчы. Мне прыкра і мне вельмі сорамна за тое, што нашыя дзеці ў такіх варунках», – кажа Ірына, наведніца майстар-класу.

Шмат хто з наведнікаў піша па некалькі дзясяткаў лістоў зняволеным. Яны дзеляцца сваім досведам.

«Мне здаецца, што перадаць нейкі візуальны складнік у шэрую камеру… Чалавеку важна адчуць нейкія фарбы», – кажа Паліна, наведніца майстар-класу.

«Я падыходжу выбіральна да кожнага чалавека. Спачатку я чытаю пра яго, даведаюся штосьці пра яго. Калі недзе сказана ў нейкім інтэрв’ю, што чалавек захапляецца рыбалкай… Я праязджала каля Менскага мора, і там сядзяць рыбакі», – кажа Марыя, наведніца майстар-класу.

Нават калі лісты і паштоўкі не даходзяць да зняволенага, яны ўсё адно маюць станоўчы эфект. Бо работнікі ізалятару бачаць, што пра чалавека памятаюць на волі, і гэта стрымлівае іх ад беспадстаўнага ціску. Гэтак лічыць былы палітычны вязень Вячаслаў Касінераў. Акрамя таго…

«Уся сістэма накіраваная так, яе галоўнае мэта – зрабіць так, каб ты думаў, што ты вінаваты. Сотні людзей, дзясяткі хаця б, ці колькі там лістоў прапускаюць, кажуць, што ты маладзец, усё добра зрабіў: гэта вельмі ў гэтых засценках бетонных дапамагае застацца сабою», – кажа былы палітычны вязень Вячаслаў Касінераў.

У Беларусі некалькі дзясяткаў людзей адбываюць адміністратыўны арышт. І больш за дзве сотні палітычных вязняў. Шмат хто застаецца за кратамі ўжо некалькі месяцаў. Таму атрымаць ад іх хоць радок – надзвычай каштоўна.

«Пожалуйста, берегите себя и друг друга! Человеческая жизнь и здоровье людей – наивысшая ценность. Обнимаю крепко, вы – невероятные. Ваша Маша», – піша ў лістах Марыя Калеснікава.

Наста Кахановіч, «Белсат»