«З «унутранкай» недзе 10–11 тыс. долараў будзе». Дом за цаною аднаго пакою

Незвычайны дом-шалаш збудавала маладая сям’я на беразе Дняпра. Ідэю падгледзелі ў інтэрнэце. Прафесійнай будаўнічай адукацыі ў гаспадара дому няма, таму ўсе падказкі пра будаўніцтва знаходзілі ў Youtube або раіліся з сябрамі-будаўнікамі.

Пакуль большасць за вялізныя грошы гадамі будуе стандартныя дамы, маладая сямʼя з Гомля падышла да задачы арыгінальна. Набылі ўчастак у вёсцы. Літаральна за год збудавалі дом сваімі рукамі. Звонку жытло нагадвае шалаш, але цяпер такія канструкцыі вельмі папулярныя ў свеце, кажа гаспадар дому.

«Дом-шалаш сам па сабе ідзе з часоў СССР, іх шмат на лецішчах рабілі. Цяпер яны змяніліся, як бачыце. Усё па-іншаму. Гэта ўжо не тыя драўляныя малыя «прыбіральні», якія тады рабілі. Цяпер гэта панарамныя вокны, разумны дом, цёплая падлога», – распавядае гаспадар дому Юрый Сігай.

У доме Юрыя і Дарʼі ўсё ёсць: санвузел, камін, цёплая падлога. Усе электрычныя кампаненты дому кіруюцца сістэмаю «Разумны дом». Можна загадзя ўключыць абагравальнік і прыехаць ва ўжо цёплую хату. Пры гэтым абышоўся дом гаспадарам у разы танней, чым купля пакою ў Гомлі.

«З «унутранкай» недзе 10–11 тыс. долараў будзе. А вось гэты ўчастак, каб таксама было зразумела, наколькі ўсё гэта рэальна… участак на 22 соткі каштаваў 600 долараў. Камунікацыі ў доме ўсе ёсць, якія патрэбныя звычайнаму гараджаніну. Мы не такія, што даўншыфтынг і ўсё», – кажуць гаспадары дому.

Да таго ж мясціны ў вёсцы маляўнічыя, з вокнаў адкрываецца шыкоўны від на Дняпро. І гэта ўсяго 60 кіламетраў ад Гомля.

«Для нас бліжэйшая прырода: лес, рэчкі і менавіта прастор. Горад не дазваляе ні правільна ўдыхнуць, ні правільна адпачыць. Плюс, калі зʼявіўся малыш, хацелася, каб ён не недзе ў каменных джунглях рос, а каб ён з сабакамі, глядзеў на прыроду, на Дняпро. Тут жа правільна зараджаўся, убіраў у сябе. Таму што ты тут жывеш і адчуваеш тут сябе зусім па-іншаму», – падкрэслівае жонка Юрыя Дарʼя Сігай.

У планах гаспадароў зрабіць на тэрасе японскую купель фурока і некалькі гасцявых домікаў для бацькоў ды пасадзіць сад. Юрый вядзе Yuotube, дзе распавядае пра ўсе этапы будаўніцтва. Трэба сказаць, што канал набывае ўсё большую папулярнасць.

Вольга Гоманава, «Белсат»