«Непазбежнасць пакарання за міжнародныя злачынствы». У Чэхіі і Нямеччыне есць справы супраць беларускіх сілавікоў


У Чэхіі да разгляду падрыхтавалі матэрыялы яшчэ дзевяці крымінальных справаў супраць сілавікоў Лукашэнкі, падазраваных у злачынствах адносна грамадзянаў Беларусі. У Нямеччыне – падрыхтаваныя дзве тэчкі. Гаворка пра ўніверсальную юрысдыкцыю – то бок пакаранне ў іншых краінах за злачынствы, якія не расследуюць на радзіме.

Найчасцей ва Украіну, Літву і Польшчу, але таксама – у Чэхію трапляюць пацярпелыя ад гвалтоўнага бязмежжа сілавікоў – абаронцаў Аляксандра Лукашэнкі і створанай ім сістэмы ўлады. Дарадца Святланы Ціханоўскай у палітычных пытаннях Аляксандр Дабравольскі кажа:

«У Чэхію трапілі некалькі чалавек, якія былі збітыя, пакалечаныя ды параненыя. У Чэхіі іх спачатку лячылі, а цяпер падрыхтавалі дакументы, каб падаваць»…

… падаваць заявы ў межах званай універсальнаю міжнароднай юрысдыкцыі, каб справы палітычна рэпрэсаваных расследавалі ў Чэхіі. Працу паводле адной з заяваў у Празе ўжо распачалі. Падазраваны – начальнік гарадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч. Гэтае імя і іншыя – будуць на паверхні ў следчых органах Еўрапейскіх краінаў. У кабінеце Святланы Ціханоўскай ведаюць пра некалькі справаў у Польшчы і дакладна дзве – у Нямеччыне.

Пацярпелых ад катаванняў сотні, і ўсе гэтыя справы будуць расследаваныя. Паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі беларускіх сілавікоў могуць прыцягнуць да адказнасці за мяжою, паколькі ўдома (ня гледзячы на адпаведнае заканадаўства) іх прынцыпова не судзяць за тэрарызм, рыхтаванне да вайны ці прапаганду вайны, за катаванні і выкраданні, неправасудныя выракі і забойствы, а таксам незаконнае пазбаўленне волі…

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у галіне правоў чалавека Гары Паганяйла тлумачыць:

«Сутнасць у непазбежнасці пакарання за міжнародныя злачынствы. Нас не можа не натхняць такая акалічнасць, што такія працэсы пры адсутнасці завядзення крымінальных справаў у нашай роднай Беларусі пачалі заводзіць у іншых краінах».

Першаю летась у снежні Генпракуратура Літвы завяла справу ў межах універсальнай юрысдыкцыі паводле паказанняў беларуса Максіма Харошына. На жаночых маршах у Менску саўладальнік кветкавай крамы «Первый Цветной» раздаваў кветкі дзяўчатам. Невядомыя схапілі яго ў сярэдзіне кастрычніка, сістэматычна збівалі на працягу 29-ці гадзінаў, што давяло Максіма да шпіталя і змусіла пакінуць краіну. Ужо з Вільні ён абяцаў беларусам:

«Я абавязкова вярнуся, буду прывозіць вам букеты, бо мы абавязкова пераможам і назаўжды Жыве Беларусь!»

Пакуль у Літве ідзе следства, Максім не можа даваць тэматычных каментароў. Падобным чынам устрымацца маюць яшчэ трое асобаў, справы якіх разглядаюць у Вільні. Аляксандр Дабравольскі ўпэўнены:

«Відавочна, што будуць падазраваныя. Ужо вядомыя некаторыя прозвішчы. Напрыклад Мікалай Карпянкоў, які зараз з’яўляецца намеснікам міністра ўнутраных справаў Беларусі і яшчэ некалькі чалавек, якія ў якасці падазраваных будуць выкліканыя на допыт. Калі не прыедуць, то трапяць у міжнародны вышук па лініі Інтэрполу».

Гэта азначае, што іхнай вязніцаю станецца краіна, у якой яны знаходзяцца. За мяжою іх чакае арышт. Усе каты і выканаўцы незаконных прысудаў маюць адказаць за свае дзеянні – выказаліся для «Белсату» амаль усе апытаныя менчукі:

«Улічваючы ўсё тое бязладдзе якое яны робяць, яны мусяць адказаць. І я думаю, што Еўропа, Злучаныя Штаты Амерыкі за гэтым прасочаць, і мы таксама».

«Гэта будзе не рэальна, бо яны хавалі свае твары, і я думаю, што наўрад ці нехта будзе займацца люстрацыяй увогуле».

«Пры гэтай уладзе такая магчымасць выключаная. Дзеля гэтага патрэбная змена не толькі прэзідэнта і парламента… трэба ўсе органы новыя і падзел улады, незалежны суд, як ва ўсіх нармальных дзяржавах».

«Тут залежыць усё ад таго, наколькі людзі згуртуюцца і наколькі сур’ёзна будзе мэта пастаўленая».

Пакуль беларусы намагаюцца пабудаваць прававую краіну, іхнаю абаронаю ў судах будуць займацца краіны Захаду. Таму колькасць крымінальных справаў супраць сілавікоў, чыноўнікаў і суддзяў усё ж мае шанец зраўняцца з лікам працэсаў супраць мірных грамадзянаў Беларусі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»