Беларусь увяла харчовае эмбарга расейскага ўзору


Сыр, мяса, садавіна, гародніна, арэхі і шмат іншых тавараў – нават соль. Усё гэта стане менш дасяжнае для беларусаў з Новага года. У мяне ў руках пастанова № 700 Савету Міністраў, якая забараняе ўвоз у Беларусь харчовых тавараў з Захаду. Практычна так, як раней зрабіла Расея. Таксама ўводзяць санкцыі супраць авіякампаніяў і палітыкаў.

Не ляцяць самалёты з Вялікай Брытаніі і Еўразвязу. Калі б авіякампаніі перадумалі і захацелі пусціць лятакі ў Беларусь – не дазволяць абмежаванні Менску. МЗС Беларусі распавёў пра санкцыі ў адказ заходнім краінам:

«…Аналагічныя крокі будуць зробленыя нашай краінай у дачыненні авіяперавознікаў з краінаў Еўразвязу і Вялікай Брытаніі. Пашыраныя спісы асоб, чый уезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і Саюзнай дзяржавы непажаданы, з краінаў, якія на сістэмнай аснове дыскрымінуюць беларускіх афіцыйных асобаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў».

Шэраг узаемадапаўняльных абмежаванняў ад ЗША, Канады, Брытаніі і Еўразвязу заблакавалі сярод іншага беларускі экспарт нафты і нафтапрадуктаў, калійных і азотных угнаенняў. Урад Беларусі ў адказ забароніць увоз на айчынны рынак шэрагу харчоў з краінаў-крыўдзіцеляў.

Сыры і іншая «малочка», жывыя свінні і свініна, мяса і субпрадукты з хатняй птушкі, гародніна, садавіна і агрэхі, кандытарскія вырабы… Спіс прадуктаў, якія трапілі пад харчовае эмбарга-апублікаваны. Эксперт-аналітык Цэнтру BEROC кажа:

«Мы ўжо бачылі такія прыклады ў Расейскай Федэрацыі. Расейскі рынак значна большы для Еўрапейскіх партнёраў, таму іх антысанкцыі больш б’юць па еўрапейцах. Тым не менш больш за ўсё гэтыя санкцыі ўдарылі па расейскіх спажыўцах, калі яны сталі спажываць менш сыру. Сыр горшай якасці…»

Паводле апытання выдання «Настоящее время», людзі да гэтага часу найбольш сумуюць па сапраўдным сырам тыпу пармезан, па ласосю, хамону, прашутта і нямецкім сасіскам.

Мінфінансаў Беларусі з 170 імпартазамяшчальных праектаў на суму $ 13 млрд вылучыла 47 найбуйнейшых, якія маюць стварыць аналагі заходняму імпарту на $ 9 млрд. Насычаць унутраны рынак будуць таксама таварамі з дружалюбных краін.

«Беларускія спажывец не купляюць замежны прадукт проста каб ухваліць дзеянні Нямеччыны, Францыі ці любой іншай краіны. Яны купляюць яго таму, што ён лепш у дадзенай катэгорыі і па дадзенай цане. Калі б былі нейкія расейскія аналагі, якія крыху лепш ці крыху танней, то беларускія спажыўцы даўно б самі па сабе перайшлі на гэтыя аналагі», – пракаментаваў Леў Львоўскі.

Гэта не першыя ў гэтым годзе абмежаванні Менску. У лістападзе была падоўжаная забарона на імпарт тавараў Nivea, Kia, Škoda и Liqui Molly. Кампаніі адмаўляюцца расказаць аб сваіх стратах.

«Вялікае вам дзякуй за ваш запыт. Але я баюся, што мы не будзем каментаваць гэтае пытанне», – адказалі «Белсату» у Liqui Molly.

Для беларускага ж пакупніка гэты спіс – чатыры кроплі ў моры спажыванага імпарту. Адсутнасць любімых харчоў – можа стацца больш адчувальнаю.

Аляксандр Лукашэнка ж абяцае ўмацаванне эканамічнай бяспекі праз Расею, краіны ЕАЭС і «далёкай дугі».

«Як мага хутчэй аднавіць дакрызісны гандлёвы абарот, тыя паказнікі, якія мы мелі», – казаў ён пад час сустрэчы з гасцямі з Башкірыі.

Найбольшыя надзеі, згодна з рэплікамі на ўсіх узроўнях, на Расею, і асабліва на фармаванне адзінага рынку газу і нафты, пасля падпісання інтэграцыйных дакументаў.

«Гэта тое, што Беларусь заўсёды шукала ў гэтых інтэграцыйных абʼяднаннях. Яны пакуль сфармуляваныя вельмі расплывіста. Мы нічога не выйгралі, нічога не дамагліся і наўрадці ў будучыні перамовы будуць ісці лёгка па гэтых пытаннях», – канстатуе акадэмічная дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова.

Напрыклад, абвешчаныя напярэдадні як прарыў даты ўніфікацыі па газе ў выніку папросту супалі з датамі ўніфікацыі, прынятымі ў межах ЕАЭС для ўсіх удзельнікаў Саюзу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»