Як беларусы дапамагаюць Украіне


Гомельскі абласны суд. Адзін ён ад пачатку года асудзіў 12 беларусаў за здыманне расейскай тэхнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Абвінавацілі ў злачынствах супраць нацыянальнай бяспекі Беларусі. Кожны атрымаў ад двух да чатырох з паловаю гадоў зняволення.

«Гэта прамы ўдар па нацыянальнай бяспецы Беларусі. Такія фота і відэа правакуюць украінскі бок да заклікаў наносіць удары па беларускай тэрыторыі», – вяшчае Гомельская тэлерадыёкампанія.

Пра ўдары з беларускай тэрыторыі расейцаў не згадваюць. Хоць яны сапраўды маглі б справакаваць такі ж адказ Украіны. А вось беларусы і пра гэткія злачынствы дыктатуры папярэджвалі ўкраінцаў, дзяліліся інфармацыяй. Хоць украінская выведка атрымлівае інфармацыю і праз тэхнічныя сродкі, ад саюзнікаў.

«Але ў той жа час пацверджанне гэтай інфармацыі непасрэдна з месцаў, з Беларусі, беларусаў – гэта вельмі істотная дапамога. Мы разумеем, што яны рызыкуюць і сваім жыццём, і свабодай. Таму мы вельмі ўдзячныя за такія ўчынкі», – кажа падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікалай Саламаха.

Некаторыя дасылаюць інфармацыю ў тэлеграм-каналы. Адмыслова для гэтага быў створаны канал «Беларускі Гаюн», які за некалькі дзён да вайны пачаў фіксаваць перамяшчэнне расейскай тэхнікі па нашай тэрыторыі. Штодня публікуе падсумаванне вайсковай актыўнасці.

Мікалай Саламаха ж раіць дасылаць інфармацыю наўпрост. Ён згадвае сайты ўпраўлення выведкі, Міністэрства абароны, Генштабу, СБУ, дзе можна знайсці кантакты:

«Усё ж такі не варта выкарыстоўваць тыя каналы, якія могуць кантралявацца Расейскай Федэрацыяй. Чаму? Бо той жа самы Тэлеграм – там вельмі сумнеўнае паходжанне, а па-другое, дзе месцяцца серверы – дагэтуль цалкам не зразумела».

Выканаўчы дырэктар лабараторыі «CyberLab» Сяргей Дзенісенка падтрымлівае падазрэнні:

«І Тэлеграм, і Вайбер, і Ўотсап – гэта мэсэнджары, якія могуць кантралявацца Расейскай Федэрацыяй, бо серверы Тэлеграму хутчэй за ўсё месцяцца ў Расеі. Другі момант датычыць таго, якім чынам гэта атрымліваецца. Яны маюць поўны доступ да вашай перапіскі, у тым ліку і да схаваных, сакрэтных чатаў».

Замест гэтага эксперт прапаноўвае Сігнал – яго серверы дакладна за мяжою, а паведамленні шыфруюцца. Трэба памятаць і пра VPN, якім вы карыстаецеся, калі дасылаеце інфармацыю. Бясплатныя могуць аказацца пасткамі спецслужбаў, кажа Сяргей Дзенісенка:

«Наконт мабільных прыладаў. Усе мабільныя прылады маюць унутраную памяць, на якую захоўваецца ўся інфармацыя: пачынаючы ад паведамленняў і заканчваючы базаю звестак мэсэнджараў. Нават калі вы выдаляеце тыя паведамленні альбо выдаляеце нейкую перапіску, – ёсць рызыкі, што яе могуць аднавіць. Адзіны спосаб, каб не змаглі аднавіць інфармацыю з вашага тэлефона – гэта скінуць яго да заводскіх наладаў».

Самы бяспечны ход дзеянняў – запэўніцца, што вакол ніхто не сочыць, зафіксаваць, даслаць файл на добра абароненае воблака і скінуць тэлефон да заводскіх наладаў. І ўжо пазней, выкарыстоўваючы спраўджаны VPN, даслаць інфармацыю ўкраінскім вайскоўцам.

Яна Шэк, «Белсат»