Новая справа супраць TUT.BY


Справа ёсць, інфармацыі няма. У дачыненні працаўнікоў TUT.by распачалі яшчэ адну крымінальную справу. За што і супраць каго – не паведамляюць ні грамадскасці, ні былым працаўнікам парталу, якія стварылі сайт ZERKALO.IO.

«Мы паспрабавалі звязацца з прадстаўніком Следчага камітэту Сяргеем Кабаковічам, але ён адмовіўся даваць якую-небудзь дадатковую інфармацыю апроч таго, што яны самі апублікавалі. Ён не назваў нам прозвішчаў, а таксама адмовіўся паведаміць, колькі чалавек праходзіць у новай крымінальнай справе. Таму цяпер мы можам толькі рабіць высновы на падставе таго, што яны апублікавалі», – кажа менеджарка ZERKALO.IO Аляксандра Пушкіна.

Апублікавалі ж небагата.

«Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь у дачыненні службовых асобаў і працаўнікоў «ТУТ БАЙ МЕДИА» і іншых асобаў распачатая крымінальная справа паводле часткі 3 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы, учыненае групай асобаў)», – паведамляецца ў тэлеграм-канале следчага камітэту.

Новая крымінальная справа – гэта чарговы ўдар па найбольш папулярным медыярэсурсе нашай краіны. У траўні партал TUT.by заблакавалі, а паўтара дзясятка працаўнікоў затрымалі пасля ператрусаў. Камітэт дзяржкантролю завёў крымінальную справу за нясплату падаткаў. У жніўні на патрабаванне МУС суд прызнаў экстрэмісцкай усю інфармацыйную прадукцыю парталаў TUT.by і ZERKALO.IO. Рэдакцыя пераехала за мяжу.

«Статус людзей, якія цяпер затрыманыя, хутчэй за ўсё будзе пагаршацца, і ні пра якія паляпшэнні ўмоваў дзейнасці размова ісці не можа. Бо дзяржаўныя органы робяць усё, каб адпомсціць і ўскладніць працу журналістам недзяржаўнага сектару», – адзначае намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.

Усіх 15 затрыманых у «справе TUT.by» праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Цяпер трое з іх – пад хатнім арыштам, адзінаццаць – у следчых ізалятарах, Сяргей Павалішаў – на волі, але пад следствам. Абвінавачвання паводле новага артыкулу ім яшчэ не выставілі, кажа Аляксандра Пушкіна.

«Цяпер мы нават не ведаем, супраць каго справа. Магчыма, гэта нават хтосьці з нас. Але нам – заўсёды да прынцыпаў журналістыкі. Калі, можа, бывае камусьці не да законаў, нам – да законаў і да прынцыпаў высокай журналістыкі. Так што мы пакуль працягваем так працаваць», – кажа Аляксандра Пушкіна.

Улады ж прававымі нормамі сябе не абцяжарваюць, падкрэслівае Алег Агееў. Дзейных механізмаў для абароны правоў грамадзянаў перад свавольствам дзяржаўных установаў не засталося, і гэтую рызыку мае ўлічваць кожны, хто застаецца пад юрысдыкцыяй беларускага рэжыму.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»