«Беларусы заслугоўваюць гэтую прэмію»


Заўтра, 8 кастрычніка, Нобэлеўскі камітэт у Осла назаве асобу, якая атрымае прэмію міру. Беларусы з асаблівым хваляваннем чакаюць гэтага моманту, бо ў шэрагу трохсот дваццаці дзевяці кандыдатаў ёсць і Святлана Ціханоўская, якую вылучыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Я была намінаваная на гэтую прэмію як прадстаўніца беларускага народу, лічыце, усе беларусы, якія не здадуцца, якія адрадзіліся як нацыя, былі намінаваныя на гэтую прэмію. І я лічу, што беларусы заслугоўваюць гэтую прэмію», – каментуе Святлана Ціханоўская.

Паводле букмекерскіх кантораў, беларуская лідарка ўваходзіць у спіс найбольш імаверных пераможцаў. Гэтак, на платформе Smartkets яна займае пяты радок, апярэдзіўшы Аляксея Навальнага.

«Думаю, што ў гэтым годзе вельмі важна будзе ўзнагародзіць журналістаў. Гэта будзе сведчыць як пра барацьбу з фэйкамі ў навінах, так і пра важнасць працы, якую журналісты выконваюць у зонах узброеных канфліктаў ва ўсім свеце. Другі кандыдат, які, як мне падаецца, лідаруе ў гэтым годзе, – Святлана Ціханоўская, лідарка беларускай апазіцыі», – падкрэслівае Гэнрык Урдал, дырэктар Інстытуту даследавання міру.

Святлана Ціханоўская не першая прадстаўніца Беларусі, якая трапіла ў намінанты Нобэлеўскай прэміі. У гэтай жа катэгорыі – прэмія міру – вылучалі палітыка Аляксандра Казуліна, ажно чатыры разы – праваабаронцу Алеся Бяляцкага, двойчы – першага кіраўніка незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча. У галіне літаратуры сярод прэтэндэнтаў былі народны пісьменнік Васіль Быкаў, народны паэт Рыгор Барадулін, пісьменнік Георгій Марчук, паэт Уладзімір Някляеў, журналістка і пісьменніца Святлана Алекісевіч, якая атрымала ўзнагароду ў 2015.

«Гэтай прэміяй Святланы Алексіевіч шмат-шмат прадстаўнікоў беларускай культуры выйшлі на еўрапейскую, а пасля і міжнародную арэну з перакладамі кніг, з музыкай, з жывапісам. Гэта вельмі важнае міжнароднае прызнанне», – зазначае паэт і грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў.

Улады ж Беларусі вялікага значэння Нобэлеўскай прэміі для Святланы Алексіевіч не надалі. Белтэлерадыёкампанія прысвяціла гэтай падзеі 20 секундаў у навінавым сюжэце, у той час як «Белсат» быў адзіным беларускім медыя, які вёў наўпроставую трансляцыю ўручэння. Мы звярнуліся па каментар да прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі, ці варта чакаць іх увагі сёлета:

– Вы хочаце атрымаць каментар? Можна вас папрасіць у пісьмовым выглядзе накіраваць запыт на скрыню?

– Толькі там можна атрымаць, так?

– Так, толькі пісьмова.

Прэмію міру называюць яшчэ палітычнай, бо яна акрэслівае сусветныя тэндэнцыі ды інтарэсы. І тое, што Беларусь у цэнтры ўвагі – цалкам натуральна.

«Святлана сама і мы разам з ёй паказалі неверагодны рост за гэтыя паўтара года, і напэўна ён вельмі ўражвае», – падкрэслівае каардынатарка Лятучага ўніверсітэту Таццяна Вадалажская.

Узнагарода ўручаецца з 1901 года. І сярод пераможцаў ужо былі беларусы, праўда, толькі з паходжання. У 1978 годзе атрымальнікам стаў прэм’ер-міністра Ізраілю Мэнахэм Бэгін. У 1994 годзе – тагачасны міністр замежных справаў Ізраілю Шымон Пэрэс і прэм’ер-міністр Ізраілю Іцхак Рабін.

Марыля Дакуцька, «Белсат»