Затрыманне дыпламата ў Беларусі. Якую рэакцыю чакаць ад Еўрапарламенту?


Больш за 13 затрыманых пасля суду па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння». Сярод затрыманых апынулася дыпламатка Еўразвяза. Сілавікі адпусцілі ўсіх, акрамя Данііла Кашэўскага і праваабаронцы Насты Лойкі – яны атрымалі 12 і 15 сутак арышту адпаведна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Менскі гарадскі суд, сто шэсцьдзесят тамоў матэрыялу і амаль сто гадоў прысуду дзесяці фігурантам «справы Рэвалюцыйнага дзеяння». Тэрміны – ад пяці да сямнаццаці гадоў калоніі. Раман Халілаў – адзін з чацвярых фігурантаў справы, якім удалося ўцячы ад судовага пераследу.

«Відавочна, прынамсі мне, што ніякіх грунтоўных фактаў няма. Гэта хутчэй помста».

А пасля суда – новыя затрыманні. Агулам не менш за 13 асобаў. Гэта родныя і сябры асуджаных. Сярод затрыманых і дыпламатка Еўразвязу Эвэліна Шульц. Да яе ды іншых прадстаўнікоў дыпконсульстваў яшчэ падчас суда падыходзіў прапагандыст Грыгорый Азаронак:

«Скажыце, Калі ласка, для чаго вы прыходзіце ў суд? Вы спрабуеце аказаць на яго ціск?»

Пытанне выклікала смех у прысутных.

Менавіта Эвэліну Шульц, часовую павераную ў справах Еўразвязу ў Беларусі, праследаваў Азаронак. Яе каля дзвюх гадзінаў пратрымалі ў міліцыі. Сітуацыю пракаментаваў дэпутат Еўрапарламенту Пятрас Аўштравічус:

«Вызначаю гэтую сітуацыю як сур’ёзную правакацыю з боку рэжыму Лукашэнкі. Ён перайшоў шмат чырвоных рысаў, бо не толькі затрымаў дыпламата, заходняга дыпламата. Але і стварыў пэўную рызыку для гэтага дыпламата».

Пакуль афіцыйнай рэакцыі Еўрапарламенту не было. Мы таксама напісалі прэс-службе з просьбай аб каментары. Пра магчымую рэакцыі Еўразвязу нам распавёў еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус:

«Я не прадбачу ніякіх судовых працэсаў і гэтак далей. Гэта проста бессэнсоўна, бо рэжым пачне падлашчвацца. І гэта ператворыцца ў “Працэс” Кафкі. Нам трэба выказаць вельмі выразны пратэст супраць таго, што здарылася. Падумаць пра больш высокую бяспеку нашых дыпламатаў».

Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах, арышт або затрыманне дыпламатаў недапушчальныя – дыпламаты маюць імунітэт, распавядае юрыст-міжнароднік Юрый Усманаў:

«Следчыя органы, і любыя іншыя, датычныя да падобных дзеянняў, мусяць несці міжнародную адказнасць, публічную адказнасць, матэрыяльнага і нематэрыяльнай характару. Гэта можа быць ад кампенсацыі шкоды да публічных выбачэнняў».

У выніку затрыманых адпусцілі, акрамя Данілы Кашэўскага – яму прысудзілі дванаццаць содняў, і Насты Лойкі – праваабаронца атрымала пятнаццаць содняў арышту. Ейная сяброўка Паліна распавяла нам, чаму для Насты было важна заставацца ў Беларусі, не зважаючы на рызыку:

«Гэта ейны свядомы выбар. Яна лічыць, што мусіць заставацца ў Беларусі, каб працягваць дапамагаць тым людзям, якія апынуліся за кратамі. Пісаць лісты, насіць перадачы. Прыходзіць у суд і падтрымліваць людзей там».

Наста Лойка – падазраваная ў крымінальнай справе пра спрыянне нясплаце падаткаў. Але праваабаронца ўсё адно працягвае хадзіць па судах, каб падтрымліваць палітвязняў.

Яна Шэк, «Белсат»