Санкцыі ў дзеянні


Адказ на міграцыйны крызіс на мяжы – пяты санкцыйны пакет супраць рэжыму Лукашэнкі – цяпер распрацоўваецца Еўразвязам. Абмежаванні з’яўляюцца і пунктава. Гэтак, «Deutsche Bank» закрывае рахункі найбуйнейшага дзяржаўнага банку – «Беларусбанку», а літоўская мытня не прапускае праз порт у Клайпедзе прадукцыі БелАЗу.

Санкцыі ў дзеянні. З 17-га верасня «Deutsche Bank» закрывае карэспандэнцкія рахункі «Беларусбанку» ў доларах ЗША, еўрах і фунтах стэрлінгаў. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» са спасылкаю на ліст «Беларусбанку». У кантакт-цэнтры гэтай інфармацыі не пацвярджаюць: «Менавіта ў сам кантакт-цэнтр ніякай інфармацыі не паступала пра спыненне дзеяння карэспандэнцкіх рахункаў».

Яшчэ ў жніўні кліенты «Беларусбанку» і шэрагу іншых банкаў, што трапілі пад заходнія санкцыі, сутыкнуліся з праблемамі пераводаў з-за мяжы. Калі паведамленне пра карэспандэнцкія рахункі пацвердзіцца, кліентам давядзецца перабудоўваць фінансавую лагістыку, упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Трэба будзе альбо адкрываць рахункі ў іншым банку, працаваць альбо праз расейскія, альбо праз іншыя структуры. Будаваць іншую фінансавую лагістыку, каб кліенты атрымлівалі тое, што яны хочуць. А гэта дадатковыя выдаткі для карыстальнікаў банкаўскіх паслуг і ўсёй беларускай сістэмы», – адзначыў эканаміст

Сёння ж Нацыянальны банк адрапартаваў пра папаўненне золатавалютных рэзерваў на мільярд долараў, які Міжнародны валютны фонд выдаткаваў на барацьбу з пандэміяй каронавіруса. У выніку за жнівень рэзервы выраслі на 14,2 % – да васьмі з паловаю мільярдаў долараў. Раней апазіцыя намагалася заблакаваць вылучэнне грошай ад МВФ.

«Гаворка пра тое, што гэтыя грошы будуць нейкім чынам заблакаваныя, гэта пустое. Гэта факт, што гэтыя грошы трапілі, і пад гэтыя грошы можна выкарыстоўваць іншыя крэдыты. Гэтыя грошы працуюць на беларускую эканоміку», – падкрэслівае Яраслаў Раманчук.

Тое, што санкцыі працуюць, сведчыць і тое, што сёння літоўская мытня не прапусціла 18-ці кантэйнераў з запчасткамі для «БелАЗаў», што накіроўваліся ў Чылі. «Літоўская мытня працягвае ўжываць санкцыі, уведзеныя Еўразвязам у дачыненні беларускіх кампаніяў: грузу акцыянернага таварыства «БелАЗ» не дапусцілі да перавозу праз Клайпедскі марскі порт», – паведамілі на мытні Літвы.

Перспектывы для рэжыму не аптымістычныя. У Еўразвязе актыўна рыхтуюць пяты пакет санкцыяў супраць Лукашэнкі ды ягонага атачэння. Прычына – мігранцкі крызіс, якому спрыяе Менск і бесперапынныя рэпрэсіі ў Беларусі.

«Мы працягнем санкцыйны рэжым: калі ўлады ў Беларусі працягнуць рэпрэсіі, мы зробім санкцыі больш жорсткімі. Калі паводзіны Менску зменяцца і рэпрэсіі аслабнуць, мы аслабім санкцыі. І што яшчэ важней: мы працягваем супрацу і дыялог з грамадзянскаю супольнасцю Беларусі, са звычnAirайнымі людзьмі, але не з рэжымам», – заявіў галоўны прэсавы сакратар Еўракамісіі Пэтэр Стана.

Пад новымі санкцыямі маюць апынуцца турыстычныя фірмы, падазраваныя ў перавозе нелегальных мігрантаў, а таксама кампанія «Белавія», пакараная ў адказ на прымусовую пасадку самалёта «RyaAir». Новыя санкцыі закрануць таксама суддзяў і пракурораў, якія бяруць удзел у палітычных рэпрэсіях супраць беларусаў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»