«Мінская праўда» хлусіць


Вокладка сённяшняга нумару газеты «Мінская праўда» шмат у каго выклікала абурэнне. На першай старонцы выдання – карыкатура на Каталіцкі Касцёл. Як на гэта адрэагавала грамадскасць і прадстаўнікі Касцёлу – у матэрыяле Каці Малей.

22 гады таму ксёндз Вячаслаў Барок узначаліў першую пешую пілігрымку ў Росіцу. Месца, дзе падчас Другой сусветнай вайны нацысцкія карнікі спалілі 1528 чалавек. Сярод іх – і святары Антоній Ляшчэвіч ды Юрый Кашыра. Ім фашысты прапаноўвалі сысці, але тыя засталіся разам з вернікамі і загінулі. На абраз бласлаўлёных айцоў і ўвесь Каталіцкі Касцёл на першай паласе «Мінскай праўды» – карыкатура.

«Гэтая газета, заснаваная Менскім аблвыканкамам, з’яўляецца рупарам улады, і калі ўлада ў сваёй ідэалогіі выкарыстоўвае нацысцкую сімволіку, пры падачы такой інфармацыі распальваецца міжканфесійная варожасць, міжнацыянальная таксама. Гэта сапраўды вельмі небяспечны знак» – кажа каталіцкі святар Вячаслаў Барок.

Ксёндз Вячаслаў Барок і сам летась у снежні адседзеў 10 содняў нібыта за распаўсюд нацызму. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» ён апублікаваў плакат мастака Уладзіміра Цэслера. У сённяшнім нумары газеты «Мінская праўда» аўтар вокладкі паказвае каталіцкіх святароў са знакам, падобным на свастыку, з бел-чырвона-белым сцягам у руках на фоне скажонай рэплікі абраза Росіцкіх мучанікаў.

«Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі адназначна асуджае згаданую публікацыю ў газеце «Мінская праўда» і расцэньвае яе як распальванне варожасці ў беларускім грамадстве да Рыма-каталіцкага Касцёлу ў Беларусі, асабліва да яго іерархаў і прэзбітэраў. Дадзеная публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуццям вернікаў Каталіцкага Касцёлу» – адрэагаваў старшыня Камісіі ў справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Паводле Вячаслава Барка, у публікацыі «Мінскай праўды» зневажаецца крыж – сімвал хрысціянства, таму выказацца павінны не толькі каталікі:

«Спадзяюся, што і праваслаўны мітрапаліт Веньямін таксама скажа сваё важкае слова, калі толькі ён сапраўды верыць у Бога. Ёсць пэўныя межы ўсяму».

Нашыя суразмоўцы сыходзяцца ў меркаваннях: не варта паддавацца на правакацыі.

Каця Малей, «Белсат»