#FREEVIASNA стартуе на знак салідарнасці з праваабаронцамі


Улады Беларусі не толькі ігнаруюць працу праваабаронцаў, але і караюць за яе. Толькі з цэнтру «Вясна» за кратамі застаюцца сямёра асобаў. Кампанія салідарнасці з імі – «Фры Вясна» – стартуе 17-га верасня. Гэтак пастанавілі сябры арганізацыі са сваймі замежнымі партнёрамі. Якія зрухі ў крымінальных справах зняволеных праваабаронцаў і над чым працуюць на волі іхныя калегі?

20 гадоў у шлюбе і трое дзяцей… Але цяпер сямейныя планы на паўзе… Валянцін Стэфановіч – намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» – у няволі за адданасць прафесіі.

Жонка Аліна Стэфановіч патрабуе ягонага вызвалення, выступае з прамовамі, піша лісты. Кажа – эміграваць не спяшаўся:

«На жаль, здарылася як здарылася. Мне давялося пакінуць краіну. Ён застаўся. Мне як жонцы было б лепей, каб мы пакінулі краіну разам», – кажа яна.

Валянціна забралі 14 ліпеня, калі сілавікі праводзілі ператрусы і затрыманні ў праваабарончых і грамадскіх арганізацыях па ўсёй краіне. Узялі таксама юрыста Уладзіміра Лабковіча ды Алеся Бяляцкага, які ачольвае цэнтр «Вясна» і ўжо адбываў палітычны тэрмін у 2011–2014 гадах. Агулам у зняволенні – сямёра вясноўцаў. Яшчэ 10 асобаў – застаюцца ў статусе падазраваных, 16 прайшлі ператрусы, допыты і содні. Крымінальная справа паводле арт. 342 – арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і арт. 243 – ухіленне ад выплаты падаткаў.

Павел Сапелка, юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна», разважае:

«Паводле маіх дапушчэнняў, ім пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі, але гэта не азначае, што рашэнне не будзе змененае і ім не высунуць нейкія новыя абвінавачанні».

Акурат ідзе працэс па справе Леаніда Судаленкі – кіраўніка Гомельскага аддзялення «Вясны», а таксама валанцёркамі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. 17-га верасня будзе год, як у няволі знаходзіцца арыштаваная першаю актывістка «Вясны» Марфа Рабкова. Сімвалічна ў гэты дзень сябры «Вясны» запусцяць кампанію салідарнасці з калегамі, пад хэштэгам #Freeviasna.

Наталля Сацункевіч, сябра Праваабарончага цэнтру «Вясна», падкрэслівае:

«Дагэтуль няма ніякае інфармацыі пра суд. Мы ведаем, што Марфа сутыкаецца з рознага тыпу ціскам у сувязі з крымінальнаю справай. Нам усім было вельмі важна пабачыць нашых партнёраў, з якімі мы працуем. Адчуць падтрымку ад спецдакладініцы ААН па Беларусі».

Гэта той выпадак, калі арганізацыі падтрымліваюць і матывуюць адна адную, вынікае з каментара Анаіс Марэн – спецдакладніцы ААН аб сітуацыі ў Беларусі:

«Як бачыла кіраўніка ААН, які ацэньвае сітуацыю ў Беларусі, як катастрафічную. Мы намагаемся звяртацца да ўладаў з заклікамі спыніць гвалт, які суправаджаецца беззаконнем і цынізмам. Сітуацыя скрайне дрэнная. І адзінае, што мне дае надзею, гэта тое, што я бачу гэтую вялізную салідарнасць на міжнародным узроўні».

Спадзевы на тое, што супольнымі намаганнямі атрымаецца вывесці Беларусь з прававога дэфолту. Старшыня «Östgruppen» шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека Марцін Угля лічыць:

«Хаця змены павінныя здабывацца самымі беларусамі, але міжнародная супольнасць таксама шмат можа рабіць. Можа падтрымаць гэтае змаганне».

Што і робіць. У двухдзённай канферэнцыі ў Вільні бралі ўдзел між іншых дэлегаты з «Human Rights Watch», «Human Rights House Foundation», Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека FIDH, якую на дыскусіі ў Літве прадставіў ейны кіраўнік Ілля Нузаў:

«Мы працуем у напрамку па прыцягненню да крымінальнай адказнасці тых, хто замяшаны ў парушэннях правоў чалавека ў Беларусі – у тым ліку з выкарыстаннем універсальнай юрысдыкцыі. Мая арганізацыя з’яўляецца чальцом платформы па пераадоленні беспакаранасці ў Беларусі. І трэцяе – гэта ўсе магчымыя ініцыятывы па адвакацыі».

Што спрыяе фармаванню спісу індывідуальных санкцыяў супраць тых, хто чыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Чарговыя імёны – трапяць і ў пяты пакет абмежаванняў ад Еўразвязу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»