Замест «Басовішча» на Падляшшы распачаўся фэст «Тутака»


Свята беларускай культуры, традыцыі, музыкі ды гісторыі… на беларускай мове – у Польшчы. Фестываль абуджаных «ТУТАКА» – гэта музычныя сустрэчы ўсіх беларусаў свету. «Белсат», дарэчы, – адзін з медыяпартнёраў фэсту.

«Гэты новы фестываль прымеркаваны да таго, каб тут, у Борыку, сустракаліся людзі, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, і тыя, якія сюды прыязджалі апошнія 30 гадоў на фестываль «Басовішча», – адзначае Ілона Карпюк з гурта «ILO & FRIENDS».

«Месца – перш за ўсё. Яно асацыюецца з легендай. Гэта адно слова, якое ўсё тлумачыць, – гэта «Басовішча». Усе мы добра ведаем Борык… чароўнае месца», – кажа Тамаш Суліма з асацыяцыі беларускіх журналістаў у Польшчы.

Двухдзённы фэст «Тутака» зладзілі ўпершыню на месцы фестывалю беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча», які рэгулярна ладзіўся на працягу 30-ці гадоў. Аднак «Тутака» – гэта фестываль з новай назваю, новай канцэпцыяй, – адзначаюць арганізатары. Адзін з іх Павел Стана-Станкевіч дадае:

«Пасля першага дня фестывалю, мне здаецца, што гэты дзень вельмі класны. Нават тыя, хто думаў раней: чаму такія музыкі, артысты… гэта ўжо не «Басовішча». Так, менавіта, гэта не «Басовішча» – гэта па-іншаму. І мне здаецца, што гэтая ідэя, каб мяняць, – мы дасягнулі сваёй мэты».

Вядоўца фэсту Валярына Кустава кажа, што першы дзень прайшоў пад знакам «Беларусь – гэта жанчына». Выступалі, вядома, і мужчыны, але наймацнейшую энергетыку, паводле яе, неслі выканаўцы-жанчыны: Маргарыта Ляўчук, Вераніка Круглова, Валерыя Дэле. Другі дзень – дзень драйву, актыўнасці і весялосці.

«Была неймаверная атмасфера яднання, салідарнасці, беларускасці. І мне як чалавеку, які вымушаны быў пакінуць Беларусь, і ёсць вядоўцам фестывалю, было неймаверна цёпла і прыемна ад таго, што тут адбываецца. Столькі родных твараў, цеплыні, абдымкаў… Выдатная, яркая музыка, літаратура», – дзеліцца ўражаннямі ад фестывалю Валярына Кустава.

Я ніколі не ведаў, што ў маёй душы музыка і дзеянні на сцэне могуць выклікаць такое абуджэнне, вялікае спачуванне. Учора ўвечары ў мяне сляза была, бо калі спяваюць і малююць адначасова – гэта цудоўна, гэта файна», – перадае ўдзельнік фестывалю Валер.

«Мы прыехалі ўчора на фестываль. Канечне, вельмі феерычна. Самае галоўнае, што беларусы яднаюцца. І вельмі хочацца падтрымаць беларусаў, якія засталіся ў Беларусі. Тут маглі спаткацца беларусы з Беластоку, Варшавы, Гданьску… І мы разам, жыве Беларусь», – кажа ўдзельніца фестывалю Аляксандра.

Я – «Тутака» – мог сказаць кожны ўдзельнік фэсту, нават тыя, хто наведвалі яго онлайн.

Каця Малей, «Белсат»