Група падтрымкі Беларусі ўжо і ў сенаце ЗША


Цяпер група падтрымкі Беларусі і ў верхняй палаце Кангрэсу ЗША. Кокус стварылі сенатары і дэмакратычнай, і рэспубліканскай партыяў.

«Ганаруся тым, што адкрываю сёння Кокус «Свабодная Беларусь» з сенатарам Ўікерам і двухпартыйнай групай сенатараў, каб данесці да міжнароднай супольнасці, што ЗША падтрымліваюць беларускі народ у яго рашучасці пабудаваць дэмакратычную будучыню», напісала сенатарка Джан Шагін у сваім Twitter.

У групу ўвайшлі 9 сенатараў. Джын Шагін – прадстаўніца дэмакратаў. Роджэр Ўікер другі па ўплывовасці чалавек у Рэспубліканскай партыі. Медыяэксперт ISANS Серж Харытонаў лічыць, што гэта дапаможа ў прыняцці рашэнняў, датычных Беларусі:

«Гэта можа датычыць і новых абмежавальных захадаў, у тым ліку санкцыяў. Гэта можа датычыць і пытання стварэння міжнароднага трыбуналу па Беларусі, і багата іншых пытанняў. Але самае галоўнае гэта тое, што кокус стварылі сапраўды аўтарытэтныя палітыкі, якія маюць палітычную волю, якія маюць уплыў і якія раней ужо мелі справу з дыктатарамі кшталту Лукашэнкі».

Агулам у кангрэсе больш за чатырыста Кокусаў, якія могуць датычыць здароўя, адукацыі, культуры, а таксама асобных краінаў. У Кангрэсе гэткіх групаў каля 50-ці. Яны неабавязкова прысвечаныя праблемам дзяржаваў, але кокус па Беларусі створаны менавіта дзеля дапамогі.

«Візіт Ціханоўскай у Вашынгтон паўплываў на стварэнне групаў у Палаце прадстаўнікоў і Сенаце ЗША. Безумоўна, гэтая падтрымка была і раней. Яна адчувалася і ў Дзярждэпартаменце, і ў Кангрэсе, у дзвюх палатах. Але цяпер гэта аформілася ў нешта доўгатэрміновае», – упэўнены дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях замежнай палітыкі Франак Вячорка.

Група падтрымкі Беларусі ўжо была створаная ў ніжняй палаце Кангрэсу ЗША тры тыдні таму падчас візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША. Тады кокус у Палаце прадстаўнікоў стварылі чатыры кангрэсмены.

«Разам гэтыя дзве суполкі могуць падтрымліваць больш заканадаўчых актаў, датычных Беларусі, і больш рашэнняў», – распавядае Серж Харытонаў.

Адным з іх могуць стаць санкцыі. Амерыканскае выданне CNN, спасылаючыся на крыніцу ў Кангрэсе, паведаміла, што ЗША могуць прадставіць санкцыйны спіс ужо 9-га жніўня.

«Ніхто лепш за амерыканцаў не зможа ў гэтым разабрацца, дзе хаваюць грошы ягоныя пасобнікі. Каб калі ўводзяцца санкцыі, дакладна біць па тых, хто хавае свае грошы за мяжою. Санкцыі не вырашаюць праблемы, але санкцыі – гэта тое, што пасылае вельмі ясны сігнал людзям унутры лукашэнкаўскага рэжыму: так рабіць нельга. Санкцыі могуць быць жорсткія, але патрэбныя некалькі ўмоваў. Яны павінны біць па тым, што сапраўды істотна для рэжыму. І другое, яны павінны быць усёабдымныя, не павінна быць у іх лазеек», – лічыць Франак Вячорка.

Гаворка пра выключэнні ў чацвёртым пакеце санкцыяў Еўразвязу. Яны, напрыклад дазваляюць «Беларуськалію», што трапіў пад санкцыі, карыстацца портам у літоўскай Клайпедзе яшчэ паўтара года. Дазволены і экспарт некаторых відаў калійных угнаенняў у краіны Еўразвязу.

Сёлета ў чэрвені Вашынгтон аднавіў санкцыі, прыпыненыя 6 гадоў таму, у дачыненні дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. А таксама пашырыў санкцыйны спіс беларускіх чыноўнікаў, ведамстваў і арганізацыяў.

Яна Шэк, «Белсат»