«Ніхто галадаць не будзе, ніхто раздзетым хадзіць не будзе. Хоць вядома, што якасць жыцця будзе пагаршацца»


Рост амаль на сто мільёнаў і ў валюце… Нацбанк рапартаваў пра невялікае ўзмацненне ў чэрвені самай важнай – валютнай часткі міжнародных рэзервовых актываў Беларусі. Па даўгах плаціць зможам, але каб эканоміку падымаць «трэба варушыцца і ўсе камплектуючыя прадукаваць самім» – заявіў сёння кіраўнік беларускага рэжыму. Сабралі эканамічныя падзеі гэтага дня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У мэтах абароны ўнутранага рынку… урад забараніў на чарговыя тры месяцы вываз з краіны пшанічнай мукі, грэчкі і прадуктаў з яе. Уведзеная летась у ліпені, у неўраджайны год, забарона – такім чынам падоўжаная трэці раз, кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

«Гэта хутчэй сігнал таго, што ідзе рыхтаванне да больш суворых часоў на рынку харчавання. Магчыма, што гэта ніяк не звязанае з ураджайнасцю сельгаспрадукцыі. Гэта такая, скажам, напаўваенная захада».

Запасацца харчамі і старацца мець усё сваё… Аляксандр Лукашэнка паставіў сёння задачу – не чакаць падтрымкі ад дальніх ці бліжніх партнёраў.

«Хто варушыцца, той нават не заўважыў гэтых санкцыяў. Трэба свае кампаненты, камплектуючыя, усё рабіць сваё. Спадзяюся, што вы з гэтым справіцеся», – дадаў Лукашэнка.

Не справіцца не маем права – казаў хаўруснік Пуціна напярэдадні. Апошні крэдыт, які атрымала Беларусь – гэта $ 1 млрд ад Расеі і ў яе інтарэсах, пад імпартазамяшчэнне. Менск абавязаўся выканаць вытворчыя дамовы.

На руку беларускім прадпрыемствам – падзенне расейскага рубля, курс якога старанна збіваюць у Маскве. Заканамерна ў дачыненні долару аслабіўся сёння і беларускі рубель. Гэта зробіць нашыя тавары больш канкурэнтаздольнымі ў Расеі.

«Але калі мы глядзім з пазіцыі простых людзей, якія не працуюць на вонкавым рынку, то яны валодаюць сваімі даходамі і хочуць іх выдаткоўваць. Безумоўна будзе падаражэнне расейскіх тавараў, якія ўсё больш і больш прысутнічаюць у нашым гандлі», – сказаў Аляксей Харкевіч.

Калі казаць пра валюту, то нязначна – на $ 96 млн у чэрвені ёю папоўніліся золатавалютныя рэзервы Беларусі. Нацбанк паведаміў, што валюту нагандлявалі на біржы плюс – яна паступіла ў бюджэт. Эканаміст Леў Марголін кажа, што гэты рост – невялікая кампенсацыя падзення ЗВР агулам на $ 1 млрд долараў у сакавіку і траўні. І робіць прагноз на другую палову года:

«Ніхто галадаць не будзе, ніхто раздзетым хадзіць не будзе. Хоць вядома, што якасць жыцця будзе пагаршацца. Бо зменшыўся экспарт дастаткова істотна. Змяншацца будзе і імпарт», – лічыць Марголін.

У першую чаргу – зменшыцца імпарт спажывецкіх тавараў: як электроніка, аўтатэхніка і аўтазапчасткі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»