6 краінаў далучыліся да санкцыяў супраць рэжыму. Украіна ўвядзе свае

Не сціхла рэха дыпламатычнага скандалу з Польшчаю, як развязаўся чарговы – з Літвою. Скараціць літоўскую амбасаду да мінімуму абяцае МЗС Беларусі пасля замацавання Вільняю за офісам Святланы Ціханоўскай дыпламатычнага статусу ў Літве. Вільня сёння прымала з візітам кіраўніка Украіны. Сімвалічна ў гэты дзень Кіеў пастанавіў увесці санкцыі супраць лукашэнкаўскай часткі Беларусі.

«Заўжды падтрымліваем нашых беларускіх сяброў», – адказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на адпаведнае пытанне «Белсату» ў часе афіцыйнага візіту ў Вільню. Згадаў, што ў палітычны крызіс у Беларусі Украіна дала новы дом і ільготныя ўмовы для бізнесу дзясяткам беларускіх IT-кампаніяў і тысячам фрылансераў, адкрылася для ўцекачоў.

Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны:

«Мы за тое, каб у Беларусі перадусім усё было добра, а не за тое, каб усе адтуль пераехалі. Добра, каб яны падымалі сваю краіну. Але калі такая сітуацыя і людзі хочуць (пераязджаць ва Украіну, – заўв. Рэд) – мы адкрытыя для ўсіх».

Сёння ж Украіна запрасіла Беларусь далучыцца да Люблінскага трыкутніку – альтэрнатывы «русскому миру» ва Усходняй Еўропе. Польшча, Украіна і Літва праз гэтую платформу прасоўваюць супрацу ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай галінах.

Украіна дэманструе адкрытасць, але яе лідар яшчэ не сустракаўся са Святланаю Ціханоўскай, як гэта зрабілі шмат якія ягоныя заходнія калегі. Раней Кіеў чакаў ад Ціханоўскай прызнання Крыму ўкраінскім, цяпер у Зяленскага шчыльны графік міжнародных сустрэчаў, кажа палітолаг Алег Саакян:

«У пытанні падрыхтоўкі сустрэчы са спадарыняй Ціханоўскай важна, каб была прапрацаваная і нейкая дата ці падзея, інакш будзе складана падабраць – навошта і чаму гэтае спатканне адбываецца. Яна адразу ж будзе адмоўна ўспрынятая ў Расеі і ў Беларусі – сённяшняю самаабвешчанаю ўладаю. Адпаведна ва Украіне будуць сур’ёзна задумвацца і балансаваць».

Уладзімір Зяленскі сёння наведваў Літву, якая рашуча дзеіць супраць палітычнага рэжыму ў Беларусі. Вільня першай у Еўропе не прызнала Лукашэнкі прэзідэнтам, ініцыявала шэраг праграмаў для беларускай дэмакратычнай супольнасці, прасоўвае санкцыі супраць рэпрэсіўнага рэжыму. Офіс Святланы Ціханоўскай у Літве ўчора атрымаў дыпламатычны статус прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі.

МЗС Беларусі адказаў: «…скараціць да мінімуму дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы ў нашай краіне на перыяд да адмены ёю ўчорашняй і іншых недружалюбных ініцыятываў, якія распальваюць канфрантацыю ў адносінах з Беларуссю».

Такія прадстаўніцтвы, тым не менш, прапанавана стварыць і ў іншых краінах – дзеля працы з дыяспарай, падтрымання Беларусі на парадку дня і дапамогі ініцыятывам у Беларусі. Франак Вячорка, дарадца Ціханоўскай у замежных справах, кажа:

«Паколькі Лукашэнкаўскія амбасады самаўхіліліся – не прадстаўляюць беларускі народ, усё што яны робяць – адбельваюць і абараняюць Лукашэнку, то нашыя прадстаўніцтвы – прадстаўніцтвы беларускай дэмакратыі – гэтую нішу будуць запаўняць».

Святлана Ціханоўская ж сёння распавяла пра вынікі апошніх міжнародных сустрэчаў. Старшыні Еўрапейскай рады Шарлю Мішэлю яна перадала прапанову пра фармат удзелу прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў праграме «Усходняе партнёрства» і папрасіла закрыць шляхі абыходу санкцыяў для алігархаў і прадпрыемстваў – гаманцоў рэжыму.

Святлана Ціханоўская:

«У нас былі сустрэчы з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Джорждам Кентам і кіраўніком МЗС Канады Мартам Гарно. З Кентам мы абмеркавалі, як пашырыць дапамогу беларусам і амерыканскі »Акт аб дэмакратыі«. Каб ЗША маглі распаўсюдзіць персанальныя санкцыі на розныя галіны. Напрыклад, на прапагандыстаў з беларускага дзяржтэлебачання».

Яшчэ шэсць краінаў Еўропы далучыліся да чацвёртага пакету санкцыяў Еўразвязу. Гэта Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Албанія, Ісландыя, Нарвегія, Ліхтэнштэйн. Увядзенне санкцыяў супраць беларускага рэжыму ўхваліла Украіна. Цягам месяца санкцыйны спіс перададуць на разгляд Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама