«Суд – гэта толькі фармальнасць»: беларусаў працягваюць караць за палітычныя погляды


Чыноўнікі ладзілі грамадскія абмеркаванні праекту новай Канстытуцыі ды вывешвалі фотаздымкі. Народ слухаў. І мусіў захапляцца. Мікалай Віцікаў з вёскі Церуха на Гомельшчыне падышоў канструктыўна і выказаўся. 68-мігадовы мужчына напісаў ліст у раённую газету «Маяк». Як вынік – затрыманне, суд і 8 месяцаў калоніі: столькі далі Віцікаву за нібыта дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. А мужчына ўсяго толькі назваў рэчы сваймі імёнамі: Усебеларускі народны сход – «шабашам». І гэта толькі адзін з шэрагу гучных гэтак званых судовых працэсаў, што цяпер адбываюцца ў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся працэс над Аксанаю Колб – галоўнаю рэдактаркаю газеты «Новы час». Два з паловаю гады «хіміі» патрабуе пракурор для журналісткі – за ўдзел у Маршы свабоды, адной з самых масавых акцыяў пратэсту жніўня 2020-га года. Вінавацяць Колб у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Акрамя таго, «Менсктранс» падаў супраць жанчыны пазоў амаль на 6 тысячаў рублёў за нібыта перакрыццё дарог. Віну ва ўдзеле ў мірным шэсці Аксана Колб прызнала.

«Яна разумее, што суд – гэта толькі фармальнасць. Прысуд ужо напісаны, што ў ім – мы пакуль не пабачым. Але яна ставіцца да гэтага, напэўна, як да спектаклю, таму і дзейнічае ў судзе адпаведна», – мяркуе намеснік галоўнага рэдактару «Новага часу» Сяргей Пульша.

Газета «Новы час», рэдактарка якога – Аксана Колб, было адзіным з незалежных выданняў, якое трапляла за краты да палітычных вязняў. Але ў чэрвені 2021-га «Белпошта» выключыла газету з падпіскі, і праца выдання цалкам перайшла ў інтэрнэт.

«Мы актыўна дасылалі нашыя газеты ў месцы зняволення тым, хто трапіў туды па палітычна матываваных артыкулах. Я думаю, гэтая падтрымка для палітвязняў, а мы ведаем, што яна была вельмі істотная, і гэтыя нумары зачытваліся ў месцах зняволення да дыр, і выклікала такую жорсткую рэакцыю ўлады», – распавядае журналіст.

Суд над Аксанаю Колб – адзін з выпадкаў расправы над стваральнікамі незалежных медыяў у Беларусі. Усяго, паводле намесніка кіраўніка БАЖ Барыса Гарэцкага, у чэрвені адбудзецца 5 судовых працэсаў над журналістамі.

«Пачынаюцца вось такія паказальныя судзілішчы. Нічога агульнага з правам тут відавочна няма. Але будуць відавочна жорсткія прысуды. Абсалютна няма падставаў рыхтавацца да таго, што лукашэнкаўскі суд раптам апраўдае нашых калег і стане на бок праўды», – кажа намеснік кіраўніка БАЖ Барыс Гарэцкі.

Да двух з паловаю гадоў «хатняй хіміі» асудзілі сацыёлага і каардынатарку «Лятучага ўніверсітэту» Таццяну Вадалажскую. Суддзя Алег Каляда прызнаў яе вінаватай у арганізацыі і ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Падчас суда жанчыну трымалі ў кайданках.

«Яны могуць пасадзіць Таццяну, але яны не могуць пасадзіць ні яе інтэлектуальнага даробку, ні яе ідэяў, ні яе працы. І каб супрацьстаяць гэтаму, трэба дапамагаць Таццяне тым, каб развіваць далей яе справу: каб тое, што яна рабіла, і далей жыло, развівалася і расло», – мяркуе сябар Таццяны, палітолаг Андрэй Ягораў.

Рэжым Лукашэнкі не ведае літасці. І гэта чарговы раз даказаў суддзя Вялейскага раёну Канстанцін Калядаў, які прысудзіў 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму Паўлу Кучынскаму – палітвязню з 4-яй стадыяй раку.

«Нам далі 5 хвілін паразмаўляць. Ён казаў, што ўсё добра, каб мы не хваляваліся, але ён заўсёды так кажа. Маці кажа, гледзячы на яго, што ён пахудзеў», – распавядае сястра Паўла Кучынскага Яна.

Паўла Кучынскага абвінавацілі ў абразах Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, суддзі, а таксама ў пагрозе ўжывання ґвалту ў дачыненні сілавікоў. Адвакат Кучынскага збіраецца падаць апеляцыю.

Наста Печанькова, «Белсат»