Аўтарынак Беларусі прасеў - скарыстацца сітуацыяй вырашыла «БелДжы»


Ехалі-ехалі. І – дакаціліся. Цана новых аўтаў марак, якія перасталі збіраць ці дастаўляць на расейскі рынак, узляцела на траціну. А восем з дзесяці самых папулярных марак году летась былі тыя, што сабралі менавіта ў Расеі. Скарыстацца сітуацыяй вырашыла «БелДжы». Ды збіраецца павялічыць продажы і нарасціць аб’ёмы вытворчасці. Ці змогуць вынайсці кола ратунку? І куды паверне аўтарынак?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расце попыт на аўтамабілі заводу «БелДжы» – не ў рэкламных мэтах і ананімна распавяла «Белсату» працаўніца аднаго з аўтасалонаў Джылі па выніках уласных продажаў і назіранняў за маркамі аўтаў на дарогах сталіцы.

«На гэты момант людзі пайшлі набываць аўтамабілі. Яны чакалі, калі кошт троху знізіцца. Асабліва тыя, хто хоча менавіта новы аўтамабіль, прыходзяць менавіта па Джылі, таму што гэта тое, што цяпер даступна», – паведаміла Наталля (імя змененае).

Наталля лічыць, што са з’яўленнем новых мадэляў, як Coolray, Tugella і Аtlas людзі зусім інакш глядзяць на Джылі. У момант, калі цэны на новыя еўрапейскія і японскія аўтамабілі выраслі на траціну, на Джылі – яны знізіліся на 15 % пасля ўмяшання «галоўнага бізнесоўца» краіны:

«Ды ў вас цэны ўдвая выраслі! Вы ва ўрадзе гэта ведаеце?» – узарваўся Аляксандр Лукашэнка.

На прадпрыемстве «Джылі» (Gelly) ідзе загрузка аўтамабіляў на аўтавоз для перавозкі. Барысаўскі раён, Беларусь. 10 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Цана найбольш папулярнай мадэлі – пазадарожніка Geely Atlas Pro – цяпер пачынаецца ад $ 28 тыс. у эквіваленце. Найтаннейшая мадэль – Coolray – ад $ 24 тыс. Узяць можна ў лізінг ці ў крэдыт пад 8 адсоткаў гадавых без пачатковага ўзносу, калі ваш заробак не меншы за дзве тысячы рублёў. Да параўнання – у іншых салонах крэдытуюць пад 20 адсоткаў гадавых. У аўтацэнтры «Лакшэры Мотарз Плюс» пытаемся пра кошт і наяўнасць «Атласаў»:

«Удакладніць цану можна толькі на сённяшні дзень. Што будзе заўтра, паслязаўтра – я не магу вам сказаць. Цяпер машыны ў наяўнасці ёсць. Іх заўжды бралі і працягваюць браць. З улікам зніжкі лепшай прапановы на рынку цяпер няма», – паведаміў працаўнік колцэнтру.

Санкцыі ўжо неўзабаве не дазволяць беларусу набыць новага «еўрапейца». Цяпер аўты са старых паставак у наяўнасці ёсць, але цана з канца лютага вырасла на 35-40 %. Бізнесовец Аляксандр Кныровіч кажа, што беларус, які мае $ 30 тыс, усё адно не перасядзе на новы Джылі – хутчэй набудзе марку, з больш устойліваю рэпутацыяй.

«Мы ўбачым практычна адсутнасць продажаў увогуле. А праз месяцы 3-4 пабачым новы ўзровень плато, які будзе ў 2 разы меншы, чымся папярэдні абʼём продажаў – у 2020 і 2021 годзе. Беларускі аўтамабіль, як і іншыя аўтамабілі, прадстаўленыя на беларускім рынку, стане папросту даражэйшым», – канстатуе Аляксандр Кныровіч.

Такія прагнозы не цешаць ні вытворцаў, ні аўтадылераў, ні пакупнікоў. Калі ў сакавіку ў Беларусі прадалі 2900 новых легкавікоў, то ў красавіку – адно каля 700 аўтаў. Эксперты прагназуюць, што цягам гэтага года рынак у цэлым не перавысіць 20 тысячаў новых аўтамабіляў. Летась гэты паказнік склаў амаль 47 тыс.

«Тыя, хто карыстаўся японскімі і еўрапейскімі аўтамабілямі, на мой погляд, не стануць пераходзіць на іншыя маркі ў вельмі рэдкіх выпадках і будуць чакаць вырашэння сітуацыі. Мы гэта і назіраем на рынку. Падзенне продажаў, звальненне працаўнікоў, якія займаюцца продажам», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

З іншага боку адбываецца пераарыентацыя пакупніка. Паводле эксперткі «Аўтабізнесу» Анастасіі Юрчык, на 40 % вырасла колькасць замоваў на патрыманыя аўты так званых »«санкцыйных» марак, цана якіх у Еўропе застаецца нязменнаю ў апошнія месяцы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»