Суды за збіты «Боінг»


У Нідэрландах суд распачаў асноўныя слуханні ў справе пасажырскага «Боінга» Малайзійскіх авіялініяў, збітага 7 гадоў таму ў небе над Украінай зенітнай ракетай «Бук«. 4 абвінавачаных – трое расейцаў і грамадзянін Украіны, які ваяваў за так званую ДНР, у Гаагу не прыехалі.

298 белых крэслаў паставілі каля расейскай амбасады ў Амстэрдаме: па колькасці забітых пасажыраў і чальцоў экіпажу авіярэйсу з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. З кветкамі і партрэтамі загінулых. А судовыя слуханні сёння пачаліся ў амстэрдамскім аэрапорце «Схіпгол». Дзеля гэтага там вылучылі адмысловае памяшканне. Большасць ахвяраў – грамадзяне Нідэрландаў.

Галоўныя абвінавачваныя ў датычнасці да збіцця пасажырскага самалёта – тры грамадзяніны Расеі: генерал-маёр Сяргей Дубінскі, палкоўнік Алег Пулатаў і палкоўнік ФСБ Ігар Гіркін, або Стралкоў, які 7 гадоў таму быў так званым міністрам абароны ДНР, а таксама грамадзянін Украіны Леанід Харчанка. Паводле матэрыялаў следства, яны спрыялі прыбыццю і каардынавалі дзеянні зенітна-ракетнага комплексу «Бук», прывезенага з расейскай брыгады паветранай абароны пад Курскам.

«Суд абмяркуе тры галоўныя пытанні. Ці разбіўся авіярэйс MH17 у выніку атакі ракетаю «Бук»? Ці была ракета «Бук» запушчаная з сельскагаспадарчага поля каля населенага пункту ПервамАйскае? І ці датычныя да гэтага абвінавачаныя?» – заявіў на пачатку працэсу старшыня суда Гэндрык Стээнгёйс.

Ніхто з абвінавачваных не прыбыў на працэс, толькі расейскі палкоўнік Алег Пулатаў, які працаваў у спецслужбах самаабвешчанай ДНР, прадстаўлены адвакатамі. У Крамлі судовы працэс называюць пастаноўкай і заяўляюць, што доказаў віны прарасейскіх сілаў у катастрофе няма.

Спадзеў на медыцыну

Першы амаль за 20 гадоў новы лек ад хваробы Альцгеймера быў ухвалены ў Злучаных Штатах да выкарыстання. А значыць, яго паступова будуць разглядаць да ўводу ў медычную практыку па ўсім свеце. «Aducanumab» уздзейнічае перадусім не на сімптомы хваробы, а на яе прычыну – бялок амілоід, які можа выклікаць дэменцыю, калі накопліваецца ў мозгу людзей. Хвароба Альцгеймера выклікае праблемы з памяццю і свядомасцю. Вытворца новага прэпарата – амерыканскі канцэрн «Biogen».

Энергетыка без выкапняў

Рада Еўразвязу вылучыла € 17,5 МЛРД на пераход да кліматычна-нейтральнай гаспадаркі. Фонд справядлівага пераходу, зацверджаны сёння ў Бруселі, будзе вылучаць грошы рэгіёнам у дзяржавах Еўразвязу, якія моцна залежаць ад здабычы выкапнёвага паліва або ад галінаў, якія моцна залежаць ад вугалю, торфу і вуглевадародаў. Сродкі прызначаныя на дыверсіфікацыю гаспадаркі – яе будуць рабіць больш гнуткай і разнастайнай, а таксама на мадэрнізацыю прадпрыемстваў і перанавучанне адмыслоўцаў. Мэта інвестыцыі – зрабіць еўрапейскую эканоміку кліматычна нейтральнай да 2050-га года.

Разбурылі вугальную станцыю

Спакойна, гэта кантраляваны выбух. У брытанскім Стэфардшыры ў горадзе Руджлі знеслі апошнюю частку зачыненай вугальнай электрастанцыі – 117-метровыя бетонныя градзірні, якія былі часткай пейзажу больш за паўстагоддзя. Гэта адзін з этапаў комплекснай рэканструкцыі рэгіёну. Вялікая Брытанія некалькі гадоў таму зачыніла апошнюю вугальную шахту: здабыча закрытым спосабам аказалася проста нявыгаднаю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»