«ByPol»: «затрымлівалі Паўла Севярынца байцы 15-га ўзводу 5-й аператыўнай роты АМАП»


Сёння спаўняецца год, як за кратамі ўтрымліваецца палітычны вязень Павел Севярынец. Пасля 75-ці содняў адміністратыўнага арышту яму выставілі абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а два тыдні таму пакаралі сямю гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Настрой бадзёры, здароўе ў норме. Дзень майго вызвалення ўжо напісаны на небе, таму наконт гэтага ў сэрцы супакой», – чытае Таццяна Севярынец, маці палітвязня ліст ад Паўла.

Ініцыятыва «ByPol» раскрыла імёны і дэталі некаторых выпадкаў паслявыбарчага гвалту ў Менску і між іншага распавяла, хто год таму затрымліваў Паўла Севярынца:

«Намі выяўлена, што затрымлівалі Паўла Севярынца байцы 15-га ўзводу 5-й аператыўнай роты АМАП пад кіраваннем камандзіра маёра міліцыі Русановіча Максіма Іванавіча».

Новыя пакаранні, як для актывістаў, гэтак і для журналістаў, працягваюць дадавацца штодня.

870 рублёў штрафу за рыхтаванне матэрыялу для нашага тэлеканалу. Такое пакаранне прызначыў Ігар Клімовіч у судзе Пінску журналісту-фрылансеру Віктару Ярашуку.

«15 хвілін – і ўсё, выступіў сведка, пацвердзіў, што гэта я браў у яго інтэрв’ю, і адразу быў вырак. Пасля кожнага суда з’яўляюцца людзі, якія падыходзяць і выказваюць спачуванне, падтрымку, гэта вельмі прыемна. А як будуць жыць людзі, якія гэта ўсё зрабілі, хай гэта будзе на іх сумленні, ім жыць потым сярод нас», – кажа Віктар Ярашук.

У Бабруйску завяршыўся суд у крымінальнай справе за падпал «Табакеркі». Восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму для Аляксандра Назаровіча, па сем з паловаю – для Аляксандра Марʼясава і Віталя Васілевіча. Аляксандра Гаўрылава пакаралі двума гадамі «хіміі.

Чатырох бабруйцаў суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі прызнаў вінаватымі паводле шэрагу артыкулаў: падпал тытунёвага кіёску, блакаванне руху чыгункі, пашкоджанні машыны міліцыянта, фарбаванне, а менавіта нанясенне чырвоных палосаў, на прыпынкі. Віну абвінавачваныя прызналі часткова і патлумачылі свае дзеянні выражэннем пратэсту супраць затрыманняў і катаванняў удзельнікаў мірных пратэстаў.

«Я не веру, што хтосьці будзе разбірацца. Ім паступаюць зверху нейкія ўказанні. Яны і даюць столькі. Я не лічу, што яны на столькі нарабілі справаў. За гэта даваць сем з паловай – за забойства менш даюць», – кажа Зінаіда Марʼясава, маці аднаго з асуджаных.

У Берасці пачаўся суд над актывісткаю Палінаю Шарэндай-Панасюк. У судовую залу трапілі не ўсе ахвотныя.

«Паліна трымаецца бадзёра, яна пасміхаецца, яна ўпэўненая ў тым, што яна робіць, яна не здалася, яна захоўвае пазітыўны настрой. Гэта добра. Мы былі вельмі рады яе пабачыць і ўпэўніцца, што з ёй усё добра. Прынамсі вонкава», – кажа Юлія, сяброўка Паліны Шарэнды-Панасюк.

Паліну ўжо паўгода ўтрымліваюць у СІЗА, а ейнага мужа, які застаўся з двума няпоўнагадовымі дзецьмі, змясцілі пад хатні арышт. Паліну вінавацяць у абразе прэзідэнта, абразе прадстаўнікоў улады і ў ґвалце над супрацоўнікамі органаў унутраных справаў. Працэс у судзе Маскоўскага раёну Берасця вядзе Яўген Брэган. Пацярпелыя даюць паказанні змененымі галасамі, некаторыя з іх запатрабавалі маральнай кампенсацыі за абразу.

У будынку Ленінскага суда Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы, дзе фігуруюць 12 чалавек, не ўсе яны нават знаёмыя паміж сабою. І амаль усіх іх праваабаронцы ўжо прызналі палітвязнямі.

«Абвінавачваюць, са словаў жонкі, у арганізацыі нейкіх падпалаў і ўдзеле ў масавых беспарадках. Наколькі я ведаю гэтага чалавека, ён мог рабіць толькі добрыя ўчынкі», – кажа Аляксандр, знаёмы аднаго з абвінавачваных у справе.

На паседжанне пусцілі ўсяго два дзясяткі чалавек, абгрунтаваўшы забарону, цытата, «малой змяшчальнасцю залы».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»