У ЗША дапусцілі санкцыі супраць расейскага алігарха, блізкага да Лукашэнкі


Беларускі рэжым паслядоўна напаўняе калоніі прыхільнікамі пераменаў. Новая Адміністрацыя ЗША – паслядоўна цісне на рэпрэсіўны рэжым. Пасля выступу Святланы Ціханоўскай у Камісіі правоў чалавека Кангрэсу ЗША, прагучаў заклік да вызвалення палітвязняў, расследавання злачынстваў рэжыму і справядлівых выбараў. Сярод новых прапановаў – увядзенне індывідуальных санкцыяў супраць буйных расейскіх бізнесоўцаў і партнёраў Лукашэнкі.

Дэйвід Крэмэр, былы памочнік дзяржсакратара ЗША, заявіў:

«Санкцыі павінныя быць накіраваныя супраць Міхаіла Гуцэрыева, расейска-брытанскага алігарха, вельмі блізкага да Лукашэнкі. Гуцэрыеў дапамог Лукашэнку замяніць тэлевізійных вядоўцаў, якія звольніліся ў знак пратэсту супраць рэпрэсій. Ягоны сын набыў пяты паводле велічыні банк у Беларусі. Ягоная ж нафтавая кампанія «Сафмар» пастаўляла ў Беларусь нафту пасля скарачэння паставак Пуціным. У спісе павінныя быць Герман Грэф і Ашчадбанк. Банк ВТБ, БелВЭБ і Газпром банк – гуляюць ключавую ролю ў Беларускай банкаўскай сістэме».

Гэта вельмі лагічнае рашэнне – кажа прыхільнік санкцыяў, еўрадэпутат Пятрас Аўштрявічус.

«Санкцыі супраць Расеі ў сувязі з яе палітыкаю ва Украіне і Беларусі – непазбежныя і з боку Еўропы. Падтрымка Крамля прыходзіць па розных каналах, у тым ліку праз алігархічныя грашовыя плыні. Таму стрымліваючы рэжым Лукашэнка трэба дзеяць і ціснуць на тых асобаў, палітыкаў, прадпрымальнікаў і алігархаў з Расеі».

Дзяржавы Вялікай сямёркі таксама публічна заступіліся за дэмакратычную частку Беларусі. Аўтарытарная частка адказала:

«Я за выбары, якіх яны патрабуюць. Я перажыву ўсё, пераступлю праз тое, што мы незалежныя, суверэнныя. Я гатовы. Паралельна з амерыканцамі. Амерыканцы хай прызначаюць датэрміновыя выбары, і мы ў гэты ж дзень прызначым у Беларусі выбары», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Вонкавапалітычнае ведамства Беларусі запэўнівае, што падрыхтавала сцэнары захадаў у адказ сваім апанентам з еўрапейскіх і заходніх краінаў. Чакаюць, цытую «на наступныя рашэнні партнёраў».

Еўрапарламент адклаў прынамсі да наступнага месяца прыняцце чацвёртага пакету санкцыяў. Хоць чакалася, што яго прымуць следам за эканамічнымі санкцыямі ЗША і ўнясуць туды больш адчувальныя для беларускай улады абмежаванні. Пакуль Еўропа шукае супольнага рашэння ды распрацоўвае пакет эканамічнай падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі. ЗША самі па сабе робяць санкцыйныя крокі.

«Амерыка можа сабе дазволіць паводзіць сябе чыста ідэалагічна, ідэйна і палітычна, у той час як шматлікія краіны Еўразвязу вымушаныя звяртаць увагу на эканамічны чыннік і разумець, што ўвядзенне санкцыяў можа ім прынесці не тое каб праблемы, але нейкія эканамічныя пературбацыі, змену партнёраў і гэтак далей», – каментуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Еўропа выпрацоўвае супольнае рашэнне, па якім, магчыма, кансэнсус ужо мае бальшыня, мяркуе Цыганкоў:

«Тыя ж беларускія лабісты працуюць, спрабуюць зачапіцца хаця б за 1-2 краіны, і гэта ўжо стварае пэўныя праблемы. Калі мы чуем што санкцыі былі перанесеныя і не паведамляюць чаму, хутчэй за ўсё пэўная краіна не жадае галасаваць».

У гэты час расце палітычны плыў Расеі на кіраўніка Беларусі, якому ўсё цяжэй знаходзіць рэсурсы на ўтрыманне эканомікі ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»