У Беларусі асудзілі за карагод, Ціханоўскага, перашкоды ЦВК і ўзнятую руку


Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Паводле новай рэдакцыі, уладальніка інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, за паўторнае распаўсюджванне забароненай інфармацыі будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасці. Акрамя таго, уводзіцца крымінальная адказнасць за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні, а таксама за неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пры першых двух затрыманнях на акцыі – адміністратыўная адказнасць, пры наступных – крымінальная.

«Музыка, свята, нібыта карнавал» – так успамінаюць вераснёўскія падзеі відавочцы. На скрыжаванні праспекту Машэрава і бульвару Касманаўтаў некалькі соцень берасцейцаў вадзілі карагод. Разганяць людзей прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу мясцовыя называюць гэтае скрыжаванне «вадамётным», а распачатую пазней крымінальную справу – «карагоднаю». Сёння ў ёй асудзілі чарговых 14 фігурантаў – за «арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Суддзя Іна Клышпач прызначыла пакаранне ад паўтара года «хатняй хіміі» да года калоніі.

«Справа абсалютна надуманая, не вядома, якім чынам. То бок калі б гэтая справа разглядалася хаця б з пункту гледжання агульнай логікі, яна б развалілася, яшчэ не дайшоўшы да суда. Але паколькі гэта ўсё разглядаецца з пункту гледжання палітыкі, маем такія вынікі», – разважае асуджаная на 1,5 года «хатняй хіміі» Валянціна Жукоўская.

«Магчыма, хтосьці меў яшчэ нейкую надзею, магчыма, нашыя маладыя хлопцы. Планавалася, што мы падорым кветкі суддзі за гэты вырак, але, на вялікі жаль, атрымалася тое, што атрымалася», – кажа асуджаная на 2 гады «хатняй хіміі» Алена Гнаўк.

«Карагодная справа» – адна з самых масавых палітычных справаў у Беларусі. У ёй праходзяць больш за 70 абвінавачаных. У тым ліку Алена і Вікторыя Лысковічы. Маці ды дачку асудзілі на паўтара года «хіміі» з накіраваннем у розныя папраўчыя ўстановы, бо яны – «суўдзельніцы».

«Улічваючы тое, што мы «самыя страшныя злачынцы» у гэтым грамадстве, думаю, што яны пастараюцца зрабіць усё для таго, каб мы былі як мага далей адзін ад аднаго», – перажывае асуджаная на 1,5 года «хіміі» Алена Лысковіч.

У Менскім абласным судзе вынеслі прысуд у справе ўдзельнікаў тэлеграм-каналу «Армія з народам». Іх прызналі вінаватымі ў «рыхтаванні да ўдзелу ў масавых беспарадках» і ў «рыхтаванні беспарадкаў», а Сяргея Спарыша – яшчэ і ў «перашкодзе працы Цэнтрвыбаркаму».

«Зусім несправядлівы, таму што ні ў чым ён не вінаваты. І астатнія таксама не вінаватыя ні ў чым. Яны за праўду, яны маюць рацыю поўнасцю», – абураецца маці асуджанага Сяргея Спарыша Жанна Чыстая.

Суддзя Сяргей Епіхаў, як і запрошваў пракурор, прызначыў турэмныя тэрміны: для Антаніны Канавалай, даверанай асобы Святланы Ціханоўскай, – 5,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, для ейнага мужа, блогера Сяргея Ярашэвіча, – такі ж тэрмін, але ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Блогеры Сяргей Коршун і Яўген Прывалаў атрымалі 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму кожны, а актывіст «Народнае грамады» Сяргей Спарыш – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Адкрыты суд – гэта адна, хоць невялікая, магчымасць падтрымаць людзей. На вялікі жаль, нам не ўдалося патрапіць у залу паседжання. Але мы просім сваякоў: «Як пойдзеце на спатканне, расказвайце, што людзі прыйшлі, што ніхто не забыўся, што мы з вамі. І ніколі мы вас не пакінем», – падбадзёрвае жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

«Пікетаванні шляхам паднятай рукі ўверх і дэманстрацыі жэсту «вікторыя» – так прагучала абвінавачанне для дваіх менчукоў, Максіма Сідарэнкі ды Аляксандра Пуставалава. Максім на судзе растлумачыў, што яны з сябрам «прыйшлі на месца гібелі Тарайкоўскага, каб выказаць сваю павагу і падтрыманне». Аднак суддзя Фрунзенскага раёну сталіцы Марыя Ярохіна палічыла віну хлопцаў даказанай і арыштавала іх на 13 содняў кожнага.

Каця Малей, «Белсат»