Літва – за падтрыманне вольнага слова ў Беларусі


Аўтарытарызм як пагроза свабодзе слова. Гэткае пытанне на прыкладзе Беларусі сёння абмеркавалі ў Літве. Напярэдадні ў свеце адзначылі Дзень вольнага слова і друку. Сёння ў Беларусі свята тых, хто працуе ў медыях.

«Мы шукалі падставу, каб зладзіць такую канферэнцыю, каб імёны палітзняволеных не былІ забытыя – імёны журналістаў, якія змагаюцца, якіх рэжым Лукашэнкі ніяк не адпусціць на волю», – мяркуе прадстаўніца Сейму Літоўскай Рэспублікі Даля Асанавічуце.

Ціск незалежная журналістыка ў Беларусі зазнаввла і раней, але апошняя выбарчая кампанія паказала, наколькі далёка могуць зайсці ўлады ў жаданні прыкрыць рот праўдзе. Паводле «Рэпарцёраў без межаў», да канца 2020-га года больш за 400 беларускіх журналістаў прайшлі праз затрыманні і арышт. Больш за 10 – цяпер за кратамі праз крымінальны пераслед. Сярод іх і нашыя каляжанкі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэеева.

«Любы рэжым, тым больш аўтарытарны, больш за ўсё баіцца творчых людзей, якія могуць імправізаваць. Бо ім хочацца мець сістэму», – лічыць старшыня Саюзу журналістаў у Літве Дайнюс Радзявічус.

Напярэдадні Кангрэс ЗША прапанаваў увесці санкцыі таксама супраць расейскіх журналістаў, якія неабʼектыўна асвятляюць падзеі ў Беларусі. У прыватнасці гаворка вялася пра «Russia Today». Адрозніць прапаганду ад праўды ў медыях, на думку старшыні Літоўскага саюзу журналістаў, здольны не толькі адмысловец, але і сярэднестатыстычны грамадзянін.«Я веру ў людзей, і я разумею, што яны ўсё ж такі ведаюць, дзе праўда, а дзе няпраўда. І я ў любым выпадку проста ўпэўнены: ня трэба баяцца, што людзі – ідыёты. Людзі – не ідыёты», – кажа старшыня Саюзу журналістаў у Літве Дайнюс Радзявічус.

У сітуацыі ж, калі рэжым Лукашэнкі кантралюе працу медыяў, спрыяць свабодзе слова можна санкцыйным ціскам, а таксама праз міжнародную салідарнасць журналістаў і згадкі пра нашую краіну ў замежных медыях, адзначылі ўдзельнікі канферэнцыі.

Надзея Бельская, «Белсат»