Падзенне нафтавых гігантаў: «ЛУКОЙЛ» можа скараціць вытворчасць бензіну і дызелю


«ЛУКОЙЛ» – адна з найбуйнейшых расейскіх нафтавых кампаніяў – можа скараціць вытворчасць бензіну і дызелю. У выніку нападу Расеі на Украіну заходнія партнёры адмаўляюцца купляць расейскія нафтапрадукты. Скараціць вытворчасць удвая ўжо прыйшлося беларускім нафтаперапрацоўнікам. Якая будучыня чакае нафтаперапрацоўку – галоўную экспартавую галіну як у Беларусі, так і ў Расеі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Другі паводле велічыні расейскі нафтаперапрацоўнік «ЛУКОЙЛ» папярэдзіў урад пра магчымае спыненне вытворчасці. Прычына – сховішчы мазуту, пабочнага прадукту нафтаперапрацоўкі, перапоўненыя. Пра гэта расказала выданне «Коммерсантъ». Санкцыі, уведзеныя супраць Расеі за напад на Украіну, прывялі да скарачэння экспарту мазуту ў паўтара разу. З перапоўненымі ёмістасцямі перапрацоўваць нафту немагчыма.

«”ЛУКОЙЛ” прапанаваў спальваць гэты мазут на электрастанцыях. Але трэба разумець, што гэта моцна пагоршыць экалагічную сітуацыю. Таму “ЛУКОЙЛ” прапанаваў ураду істотна знізіць аплаты за выкід парніковых газаў. Пры гэтым расейская эканоміка цяпер у такім стане, што лішак электрычнасці ёй таксама не надта патрэбны», – тлумачыць эканаміст Максім Блант.

Зрэшты, праблемы расейскай нафтавай галіны не абмяжоўваюцца перапоўненымі сховішчамі. Купляць расейскія энерганосьбіты ўжо адмовіліся краіны Балтыі. Еўрадэпутаты заклікалі ўлады Еўразвязу неадкладна спыніць імпарт газу, нафты, вугалю і ядравага паліва з Расеі. Рана ці позна гэта давядзецца зрабіць – заявіў учора кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

«За расейскія нафту і газ вы плаціце не рублямі ці еўрамі. Вы плаціце жыццямі такіх жа еўрапейцаў, як вы», – у сацыяльнай рэкламе ўкраінскія энергетычныя кампаніі заклікалі калегаў спыніць супрацу з Масквой.

Энерганосьбіты – гэта аснова расейскага экспарту, памер якога – каля 330 мільярдаў долараў. Нафта, газ і паліва летась прынеслі Крамлю 142 мільярды. Палову гэтай сумы склалі даходы ад продажу сырой нафты. Пры гэтым дзве траціны яе аб’ёму купілі краіны, якія цяпер падтрымліваюць санкцыі. Перанакіраваць чорнае золата на іншыя рынкі складана. На ўсходзе Расеі не хапае нафтаправодаў і партоў, а суседзі баяцца купляць расейскую нафту.

«Адназначна на бок Расеі Кітай не стаў. Найбуйнейшая кітайская нафтагазавая карпарацыя CNPC пакуль прыпыніла ўсе інвестыцыйныя праекты на тэрыторыі Расеі – праз боязь, што з прычыны другасных санкцыяў яны працаваць з ЗША не змогуць», – пракаментаваў Максім Блант.

У Кітай Расея летась накіравала пятую частку сваёй нафты. Расейскі Urals на сусветных рынках прадаюць з нябачанай раней 30-адсоткавай зніжкай. Нягледзячы на ​​гэта, больш расейскай нафты кітайскія кампаніі купляць не сталі. Пакупкі ў 10 разоў павялічыла Індыя – але нават цяпер яна набывае ўтрая менш чорнага золата, чым Кітай.

Прыпыніць нафтаперапрацоўчыя заводы ўжо была вымушаная Беларусь. Удвая скараціў сваю вытворчасць НПЗ у Мазыры. На другім нафтавым гіганце – наваполацкім «Нафтане» – частку ўстановак закрылі на рамонт. Украіна для іх была ключавым рынкам, які прынёс летась 2,5 мільярда долараў. Гэта каля паловы ўсіх даходаў нафтаперапрацоўкі. Аляксандр Лукашэнка зрабіў Беларусь плацдармам для расейскага нападу на Украіну, таму ўкраінскі рынак Беларусь страціла.

«Заходняя Еўропа адмаўляецца ад расейскай нафты і пачынае купляць яе ў краінах Персідскай затокі. Адпаведна, нафты не хапае іншым пакупнікам – у той жа Індыі і Кітаі. Расея можа знайсці сабе выйсце. Беларусі зрабіць гэта нашмат складаней, бо яна не прыстасаваная для іншых рынкаў», – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Хоць паліва на рынку будзе зашмат, цэны на яго, на думку эканаміста, не знізяцца. Свае страты нафтаперапрацоўчыя заводы перакідваюць на плечы пакупнікоў. 5 красавіка паліва ў Беларусі зноў падаражэла – пяты раз з пачатку года.

Аляксандр Папко, «Белсат»