«Празмерная канцэнтрацыя, ты задыхаешся». Супраць палітзняволеных выкарыстоўваюць хлор


На рэжым Аляксандра Лукашэнкі трэба накласці дадатковыя санкцыі. Да такіх высноваў прыйшлі парламентарыі Швецыі пасля дакладу аб умовах утрымання і катаванняў супраць беларускіх палітзняволеных. У дакладзе міністр замежных справаў Швецыі Анн Лінде адзначыла, што супраць палітзняволеных ужываюць хлор. Гэтая рэчыва ў вялікай канцэнтрацыі небяспечна для чалавека і можа прывесці да смерці. Між тым, колькасць сведчанняў аб ужыванні хлору расце.

Штодня вядро вады з вялікай канцэнтрацыяй хлёркі на падлогу невялічкай камеры. Праз некалькі гадзінаў баліць галава, пачынаюцца апёкі скуры і слізістых. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў распавядае пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна. Тут ён правёў некалькі дзён з 15 содняў – пакарання за заяўку на Дзень Волі.

«Ты фактычна знаходзішся ў двухмясцовай камеры, дзе 10 чалавек. Дзе празмерная канцэнтрацыя хлёркі, і ты задыхаешся. Сядзеў таксама з хлопцамі, якія знаходзіліся ў камеры разам з Мікалаем Казловым, у іх было яшчэ больш жорстка, таму што яны былі ў карцары памерам два на тры. Там спачатку іх было 6 чалавек, потым падсунулі бамжа, спаць на бетоннай падлозе было немагчыма. І ім у дадатак вылілі два вядры з хлёркай», – распавядае Ігар Барысаў.

Пра ўжыванні хлёркі ў пінскім ізалятары часовага ўтрымання распавядае і Дзяніс Сядых, пакараны 15-дзённым арыштам: «Міліцыянты выкарысталі хлор у якасці подкідвання ў біяпрыбіральню. Паколькі біяпрыбіральня размяшчалася каля стала прыёму ежы, натуральна, быў шэраг негатыўных і пабочных эфектаў: 027 слязістасць, пяршэнне ў горле, што давала нам істотныя пакуты пры утрыманні ў ІЧУ».

Ужыванне хлёркі – звычайная практыка турэмных уладаў – сцвярджае былы палітзняволены, праваабаронца Міхаіл Жамчужны, які правёў за кратамі агулам адзінАццаць гадоў. Мэта – зламаць зняволенага і падарваць ягонае здароўе.

«Бывалі даволі жорсткія выпадкі, калі хлёркай засыпалі падлогу, туды вядро вады, і прыходзілася класціся на зямлю, таму што дыхаць было практычна немагчыма. Хлёрка наогул забаронена як дэзынфекцыя, але ж у месцах зняволення ёй не грэбуюць», – падкрэслівае Міхаіл Жамчужны.

Медыкі сцвярджаюць, што кантакт з хлёркаю можа нанесці моцную шкоду здароўю чалавека.

«Дзеянні хлёркі – як раздражняльныя, так і ўдушальныя. Спачатку пачынаецца раздражненне, пачынаюць балець вочы, пачынаюць слёзы цячы. Пачынаецца сухі кашаль, і далейшыя наступствы – развіваецца ацёк лёгкіх, які і робіцца непасрэднай прычынай смерці ад атручвання парамі хлору», – адзначае доктар Уладзімір Пруднікаў.

Ужыванне хлору ў якасці хімічнай зброі шмат гадоў забароненае міжнародным правам. А выкарыстанне рэчыва супраць зняволеных можа быць прыроўненае да катаванняў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»