«Грошы ў бюджэце скончваюцца». Эканамісты пра падзення рубля і нявыплату заробкаў


Сённяшні дзень багаты на фінансавыя навіны. На Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара паставіў новы чарговы рэкорд, а еўра падскочыў больш чым на 1%. Абменнікі ставяць курс 2 рублі 70 капеек за долар. А Міністэрства гандлю рыхтуе гадавы графік падаражэння грамадскага транспарту, платнай адукацыі, мабільнай сувязі і інтэрнэту. Адпусцяць нават кошты на сацыяльна значны тавар – раслінны алей падаражэе на 15%.

Гістарычны максімум. 1 долар каштуе 2 рублі 67 капеек, еўра замацавалася на адзнацы 3 рублі 17 капеек.

«Цяпер адбываецца тое, што і чакалася: павышэнне курсу долара. Але на гэтым ён не спыніцца», – мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Да таго ж у сакавіку на чвэрць павялічыліся як продаж, гэтак і купля замежнай валюты.

Сваімі меркаваннямі дзеляцца жыхары Бабруйску:

«Беларускі рубель – так сабе валюта. Дэвальвацыя не за гарамі».

«Думаю, што да лета ўвогуле рублі па тры долар будзе, плюс-мінус».

«Вядома, дэвальвацыя магчыма. Але я да курсу долара ніяк не прывязаны, у доларах не разлічваюся».

«Я ўвогуле не разбіраюся ў гэтым. Мне нармальна жыць».

Праз выплату даўгоў і зніжэнне кошту манетарнага золата растаюць золатавалютныя рэзервы. У студзені 2020-га Беларусь мела запас амаль на 9 з паловаю мільярдаў долараў. Цяпер жа – менш за 7.

«Сёлета яны скароцяцца да чатырох. Гэта мой прагноз. Гэтая сістэма падыходзіць да канца», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Міжнародны валютны фонд змяніў прагноз наконт ВУП Беларусі. Яшчэ ў кастрычніку МВФ прагназаваў рост на 2,2% дзясятыя адсотка, цяпер – падзенне на 0,4%.

Эканаміст Леў Марголін:

«Я думаю, і большасць беларускіх экспертаў думае, што падзенне будзе большым, бо інвестыцыяў у краіну няма, усіх магчымых інвестараў улада распужала».

На мінулым тыдні працаўнікоў «Атланту» перавялі на чатырохдзёнку. Афіцыйная прычына – аварыя ў Суэцкім канале і перабой у імпарце важнага кампаненту. У «Менскметрабудзе» заробак за люты выплацілі толькі пасля ўмяшання пракуратуры, а на сталічным малаказаводзе адхілілі гендырэктара – праз масавае звальненне працаўнікоў, не згодных з новымі правіламі.

«Перш за ўсё гэта сведчыць пра тое, што сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца. Што датычыць «Менскметрабуду, то гэта сведчыць пра тое, што ў бюджэце грошы скончваюцца».

Паводле Льва Марголіна, скарачэнне заробкаў перадусім адчуюць акурат працаўнікі будаўнічай сферы. Ці дасць пагаршэнне эканамічнае сітуацыі новае дыханне пратэстам?

«Калі сітуацыя пагоршыцца да таго, што людзі пачнуць галадаць, то яны, вядома, выйдуць на вуліцы, але зусім з іншымі патрабаваннямі. Ім не патрэбна будзе дэмакратыя на той момант, свабоды, правы і г. д. Ім будзе патрэбны хлеб», – зазначае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Што датычыць удзелу рабочых у пратэстах, то, на думку Уладзіміра Мацкевіча, яны сваё слова сказалі яшчэ ў жніўні.

Лукашэнка на МЗКЦ 17.08.2020: «Дзякуй, я сказаў усё, можаце крычаць «Сыходзь!».

Рабочыя: «Вярніце нашыя галасы! Сыходзь!».

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»