«Дзяцей судзяць ні за што». Новыя суды па палітычных справах


«Затрыманні, збіццё, судовыя пераследы» – так характарызуецца сітуацыя ў Беларусі ў гадавым дакладзе «Amnesty International». Яно і не дзіўна: за надпіс на будынку – крымінальная справа, за нібыта абразу прадстаўніка ўлады – пазбаўленне волі больш чым на два гады, за медычную дапамогу пратэстоўцам – «хатняя хімія», за карагод вінавацяць нават няпоўнагадовых.

У судзе Маскоўскага раёну Менску працягваюць разглядаць «справу «Белгазпрамбанку». У ёй праходзяць восем фігурантаў. Віктара Бабарыку вінавацяць у адмыванні грошай, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Учорашні выступ у свабодным фармаце, у якім Бабарыка назваў абвінавачанні палітычна матываванымі, сарваў апладысменты.

«На дадзены момант Віктар Дзмітрыевіч адмовіўся ад далейшай дачы паказанняў і ад далейшых адказаў на пытанні, паколькі лічыць, што гэты разбор не абʼектыўны», – кажа адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі.

Суддзя Кастрычніцкага суда сталіцы Аляксандр Рудэнка аштрафаваў журналіста тэлеканалу «Настоящее время» Рамана Васюковіча на 580 рублёў за ўвоз у Беларусь выдання «Беларускі Данбас». Кнігу аўтарства Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай нядаўна прызналі экстрэмісцкай. Праўда, на той момант, калі Васюковіч увозіў яе (снежань 2020-га года), пастановы яшчэ не было.

«З рашэннем суда мы цалкам не згодныя, разам з адвакатам будзем падаваць апеляцыю, абскарджваць гэтае рашэнне. У гэтай справе шмат парушэнняў. Распаўсюджваць матэрыялы гэтай кніжкі я не збіраўся», – дзеліцца Раман Васюковіч.

2 гады і 3 месяцы калоніі за публічную абразу памочніцы пракурора атрымаў гомельскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мохараў. 26-га лістапада пасля абвяшчэння прысуду Георгію Васіленку за падняты на флагштоку бел-чырвона-белы сцяг Няпомняшчых сказаў у бок дзяржабвінаваўцаў:

«Арганізаваная злачынная група». Мужчына віны не прызнае і заяўляе, што гэты выраз меў дачыненне да абвешчанага крымінальнага прысуду.

«Спадар Уладзімір выступае як такая паказальная ахвяра. Уладам было важна паказаць, што ўсе будуць пераследавацца, усе будуць пакараныя, і абралі аднаго з найбольш актыўных гамельчукоў», – адзначае праваабаронца Васіль Палякоў.

Надпіс на будынку «Пазбаў нас ад лукавага» каштаваў берасцейцу Андрэю Леванюку месяца арышту. Такое рашэнне прыняла суддзя Вера Філонік. Спачатку на мужчыну склалі пратакол паводле адміністратыўнага артыкулу 23.34 («Пікетаванне шляхам нанясення надпісу»), але ў выніку справа перарасла ў крымінальную, артыкул 341 («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»). Паводле Леванюка, пішучы словы малітвы, ён хацеў, каб людзі прымірыліся, і не было канфрантацыі ў грамадстве.

«Цынізм у словах з малітвы ўбачылі. Шкоду нанёс, сапсаванае сапсаваў. Там ужо было зафарбавана, але іх гэта не збянтэжыла. Мы казалі, што няма складу злачынства, але пракурор палічыў, што ёсць. Месяц арышту ў выніку. Будзем абскарджваць», – не згаджаецца з рашэннем суда Андрэй Леванюк.

У судзе Ленінскага раёну Берасця пачаўся разгляд другой часткі крымінальнай справы за падзеі 10 жніўня. Працэс вядзе Андрэй Грушко. На лаве падсудных – 13 асобаў, сярод іх – двое няпоўнагадовых. Ім інкрымінуюць «удзел у масавых беспарадках». І хаця сённяшні працэс адкрыты, на суд не пусцілі больш за 50 чалавек – тлумачачы пажарнай бяспекай.

«І так людзям цяжка: бацькам, бабулям, дзядулям – яны не бачылі сваіх дзяцей. Яны разумеюць, што дзяцей судзяць ні за што. Мала таго, што даюць тэрміны, дык яшчэ і не даюць трапіць на працэс», – перажывае маці абвінавачанага Дзяніса Марусевіча Людміла.

Палітзняволеную Аляксандру Патрасаеву суддзя Вольга Малашэнка пакарала трыма гадамі «хатняй хіміі» – абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Дзяўчыну вінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках ля гандлёвага цэнтру «Рыга». Аляксандра сваёй віны не прызнала і сказала, што надавала медычную дапамогу пацярпелым. Са словаў асуджанай, на Акрэсціна яе збівалі, абражалі ды пагражалі згвалтаваць.

Каця Малей, «Белсат»