«АМАП пойдзе выкладаць». За што звальняюць настаўнікаў?


З бела-чырвонымі балонікамі настаўніца Таццяна Бабёр разам з сямігадоваю дачкой ішла па родным Мядзеле 25-га сакавіка. Шпацыр скончыўся штрафам 30 базавых велічыняў за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці і звальненнем Таццяны са школы, дзе яна адпрацавала 32 гады.

«Калі б я была зацятая парушальніца ці нейкія заўвагі або вымовы атрымлівала. Ні вымовы, а адразу, раз – і звольнілі. Мне балюча», – скардзіцца Таццяна.

Яшчэ настаўніцу вінавацяць ва ўцягванні няпоўнагадовай дачкі ва ўдзел у несанкцыянаванае мерапрыемства і праводзяць сацыяльнае расследаванне. Таццяна вымушаная шукаць хоць якую працу…

«Уладкавацца санітаркаю хоць бы… З цэнтру занятасці патэлефанавалі і сказалі, што ім патрэбныя людзі. Я падʼехала, ну нейкая хоць праца. Але мяне не хочуць браць», – кажа Тяццяна.

Першая хваля рэпрэсіяў у дачыненні настаўнікаў была ў жніўні, другая – пасля відэазваротаў. Цяпер пачалася трэцяя хваля. Зразумець, якая колькасць настаўнікаў зазнала рэпрэсіі ад дэпрэміявання да звальнення, складана.

Некаторыя афішаваць свае гісторыі адмаўляюцца катэгарычна. Магчымыя прычыны маўчання педагогаў тлумачыць сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага, якая дапамагае рэпрэсаваным настаўнікам.

«Сышоў адзін настаўнік – прыйшоў другі. На педсаветах кажуць: «Вы старыя, вы тэхналогіямі не валодаеце, чаго вы тут спрачаецеся». І настаўнік думае: «А праўда, што я яшчэ магу?», – кажа Наталля Фурсава, настаўніца и сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

На сёння на ўступленне ў Свабодны прафсаюз Беларускі заяўкі падалі каля трохсот настаўнікаў.

«Настаўнікі сталі больш актыўна гэтыя заяўкі падаваць, але не сказаць, што бягуць. Не хочуць лішняй увагі да сваёй асобы. Прывыклі, што прафсаюз нічога не рашае, акрамя цукерак на Новы год», – лічыць Наталля Фурсава.

У адкрытых крыніцах мы сабралі інфармацыю пра рэпрэсіі супраць школьных настаўнікаў за апошнія два месяцы. У розных рэгіёнах пазбавіліся працы больш за дзесяць настаўнікаў, некаторым пагражаюць звальненнямі, два настаўнікі цяпер адбываюць арышт за ўдзел у мірнай акцыі. Звольнілі двух дырэктараў школаў.

Пасля 15-ці содняў пазбавіўся магчымасці рыхтаваць школьнікаў да рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і малады навуковец, каманда якога заўсёды прывозіла дыпломы.

«Не цікавяць іх ніякія паказнікі, ніякія адукацыі. Прымаюць нейкія кароткатэрміновыя рашэнні. Вось чалавек выказаўся – трэба звальняць. Таму прымаюць нейкія рашэнні, не думаючы, як яны адабʼюцца нават у кароткатэрміновай перспектыве. Напэўна, АМАП пойдзе выкладаць», – кажа навуковец і настаўнік фізікі Ілля Карусейчык.

Мама звольненай Таццяны Бабёр перажыла вайну і 38 гадоў прапрацавала настаўніцай. Яна прыбегла на месца затрымання Таццяны, а пазней запісала ўбачанае там.

«Забіраюць дачку і ўнучку і павялі. Не хапае каманды «шнэль, хэндэхох».

Алена Дубовік, «Белсат»