Лукашэнка хоча ўзброіць нават Міністэрства надзвычайных сітуацыяў


200 Беларускіх вайскоўцаў могуць накіраваць у Сірыю. Падпісаць пагадненне з нашай краінай Міністэрству абароны і МЗС Расеі даручыў расейскі прэм’ер-міністр Міхаіл Мішусцін. У распараджэнні ўдакладняюць – выключна ў гуманітарных мэтах. Між тым, паводле рэдакцыі motolko.help, жаўнеры з нашае краіны адпраўляліся ў Сірыю яшчэ летась, сярод іх ёсць ахвяры. А тым часам Лукашэнка ўсё часцей і гістэрычней гаворыць пра магчымую вайну з Украінаю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ летась дамаўляліся пра рэфармаванне працы айчынных ратавальнікаў, і вось час прыспеў! На нарадзе аб удасканаленні структуры Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Лукашэнка выклаў сваё бачанне гэтых самых «рэформаў».

«Маё распараджэнне было, каб вызначылі ў МНС, якую частку мы будзем узбройваць, хто гэтыя хлопцы-дзяўчаты, якія там служаць, – хто яны, хто будзе насіць агнястрэльную зброю», – заявіў дыктатар.

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, якое цягам апошніх гадоў – акрамя непасрэдных абавязкаў – здымала нацыянальную сімволіку і рыхтавалася да задушэння пратэстаў, з рэакцыяй на прапанову ўзброіцца марудзіць не стала.

«У выпадку ўзнікнення тых абставінаў, пра якія сказаў кіраўнік дзяржавы, мы будзем гатовыя сфармаваць адпаведны рэзерв у інтарэсах Міністэрства ўнутраных справаў, а на выпадак ваеннае пагрозы – Міністэрства абароны – і дзеяць разам з нашымі Узброенымі сіламі і Міністэрствам унутраных справаў», – заявіў міністр надзвычайных сітуацыяў Вадзім Сіняўскі.

З абяцаннямі раздаваць зброю направа ды налева і паставіць усю краіну пад ружжо ў Лукашэнкі песня старая і не на адзін куплет. Гэтак, яшчэ летась у чэрвені рэжым збіраўся ўзброіць рыбакоў стрэльбамі, а паштароў – рэвальверамі і пісталетамі. А ў 2018-м дыктатар і наагул публічна марыў пра мільёны раздадзеных аўтаматаў:

«Старыя і нават жанчыны: 7 мільёнаў чалавек – 7 мільёнаў атрымаюць зброю».

Сёлета ж у якасці ворага, які вось-вось нападзе на «апошнюю выспу стабільнасці ў цэнтры Еўропы», абраная Украіна. Агенцтва

«Reuters» апублікавала спадарожнікавыя здымкі ваеннай тэхнікі, размешчанай блізу мяжы з паўднёвым суседам. На фота, сапраўднасць якіх агенцтва не здолела спраўдзіць, эксперты амерыканскай кампаніі «Maxar Technologies» ідэнтыфікавалі штурмавікі Су-25, ракетныя комплексы «Іскандэр» і рэактыўныя сістэмы залпавага агню. Афіцыйна тэхніка перакінутая з Расеі ў межах супольных вучэнняў «Саюзная рашучасць», якія маюць пачацца 10 лютага.

У Міністэрстве абароны Украіны супакойваюць сваіх суграмадзянаў: маўляў, расейскіх войсках, сканцэнтраваных у Беларусі, недастаткова для ўварвання. Зрэшты, усіх супакоіць не атрымліваецца.

«Грамадзянская супольнасць намагаецца крытыкаваць Лукашэнку. Мы ж разумеем, што цяпер Лукашэнка – гэта сатэліт Пуціна. Ён і раней быў сатэлітам Пуціна, але раней у іх была іншая стратэгія. А цяпер Беларусь выкарыстоўваецца як дадатковы ваенны плацдарм. І Пуцін разглядае Узброеныя сілы Беларусі як таксама выканаўцаў сваіх загадаў – і яны, у выпадку чаго, таксама будуць прыцягнутыя да вайны супраць Украіны», – кажа галоўны рэдактар украінскага выдання «Цензор.Нет» Юры Бутусаў.

Акрамя ж абсалютнай залежнасці ад Расеі, заўважае палітолаг Валер Карбалевіч, падаграе антыўкраінскую рыторыку Лукашэнкі і асабістая крыўда на Зяленскага за непрызнанне прэзідэнтам Беларусі. Зрэшты, ёсць і ўласна беларускі фактар.

«Яму патрэбная мадэль крэпасці ў аблозе, каб мабілізаваць свой электарат, каб мабілізаваць сілавікоў, каб абумовіць неабходнасць барацьбы з палітычнымі апанентамі: калі вакол ворагі, і ў замежжы, і ўнутры краіны – ну то што рабіць?» – тлумачыць Карбалевіч.

А гэта азначае, што ад змены прынцыпу «иногда не до законов» на прынцып «паводле закону ваеннага часу» – усяго адзін крок. Прынамсі для беларусаў і незалежна ад таго, ці будзе вайна з Украінаю.

Валера Руселік, «Белсат»