Расея выкарыстоўвае місію АДКБ у сваіх мэтах


Нягледзячы на ​​акцыі пратэсту і пасля бурнай дыскусіі парламент Кыргызстану прыняў рашэнне далучыцца да аперацыі АДКБ і накіраваць у Казахстан 150 сваіх міратворцаў, 8 адзінак бранятэхнікі і 11 машын. Таджыкістан таксама прыняў рашэнне аб адпраўцы 200 вайскоўцаў. Галоўная задача сіл АДКБ, сцвярджаюць сілавікі, не задушэнне пратэстаў і ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі, а ахова ваенных і дзяржаўных аб’ектаў Казахстана.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейскія вайскоўцы на самалётах прыбываюць у Казахстан.

«Расейскія самалёты вайскова-транспартнай авіяцыі таксама задзейнічаныя для перакіду вайсковага кантынгенту Беларусі, Таджыкістану, Кіргізіі і Арменіі», – паведаміў міністр абароны Расеі Ігар Канашэнкаў.

Аэрапорт Алматы ўзяты пад кантроль, а галоўная задача сілаў АДКБ – не здушэнне пратэстаў, а ахова вайсковых і дзяржаўных абʼектаў, заяўляюць сілавікі. Кіраваць кантынгентам прызначылі камандуючага паветрана-дэсантнымі войскамі генерал-палкоўніка Андрэя Сердзюкова.

У складзе сілаў АДКБ – міратворчая рота 103-й паветрана-дэсантнай Віцебскай брыгады сілаў спецыяльных аперацыяў. Дывізія адна з першых увайшла ў Афганістан у 1979 годзе, удзельнічала ў вучэннях АДКБ, але на аперацыях, падобных да казахскай, – упершыню.

«Мы ў Казахстан прыйшлі не забіваць і нават не ваяваць, мы людзі мірныя», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго, беларускія вайскоўцы накіраваныя ў Казахстан, каб, цытата, «дапамагаць наладзіць мір».

«Удзельнічаць у баявых дзеяннях супраць пратэстоўцаў або разганяць дэманстрацыі мандат гэтай роце не дазваляе. Яна будзе несці выключна ахоўныя функцыі», – падкрэсліў незалежны вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Аднак у выпадку нападу, лічыць эксперт, вайскоўцы могуць выкарыстаць зброю і страляць на паражэнне. Яшчэ два-тры гады таму Лукашэнка меў магчымасць адмовіцца ад удзелу ў аперацыі АДКБ, лічыць Віталь Цыганкоў:

«Цяпер ён ужо не мае такога прывілею. Калі Масква загадвае прадэманстраваць абʼяднанне ўсіх сіл АДКБ, афіцыйны Менск павінен дэманстраваць, без варыянтаў».

«Лукашэнка не можа выключаць таго, што ў будучыні яму можа спатрэбіцца падобны механізм. Калі ягоныя сілавікі падвядуць, калі сітуацыя абвострыцца да такой мяжы, яму патрэбны прэцэдэнт, што АДКБ уводзіць войскі з выключна ўнутраных прычынаў», – мяркуе старэйшы навуковы супрацоўнік Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Грыгорый Ніжнікаў.

Кантынгент АДКБ налічвае каля двух тысячаў пяцісот чалавек. Прыкладна дзве тысячы – гэта расейскія вайскоўцы з 45-й брыгады спецыяльнага прызначэння ПДВ, 98-й дывізіі ПДВ і 31-й асобнай брыгады ПДВ. Гэтыя падраздзяленні ўдзельнічалі ў абедзвюх чачэнскіх войнах, расейска-грузінскай вайне, у анексіі Крыму і вайне ў Сірыі. Таджыкістан накіраваў 200 вайскоўцаў, Кыргызстан – 150, Арменія – 70.

На думку Рыгора Ніжнікава, Расея атрымлівае дзейсны механізм выкарыстання сілаў АДКБ для захавання саслабелых аўтарытарных рэжымаў:

«Мы павінны разумець, што наступным разам сітуацыя ў іншай краіне АДКБ, дзе іншы аўтарытарны рэжым, будзе на мяжы краху, і ня выключана, што будуць задзейнічаныя войскі».

Працягласць місіі АДКБ пакуль ня вызначаная. Магчыма, яна скончыцца, калі аўтарытарны рэжым Такаева здушыць пратэсты.

Антон Каменскі, «Белсат».