Чаму не ўвялі падатку на багацце для заможнага бізнесу?


Частка пакрыўджаных зменамі ў падаткаабкладанні прадпрымальнікаў лічыць, што павышаць падаткі трэба не для дробнага і сярэдняга бізнесу, а для таго аднаго адсотку найбагацейшых бізнесоўцаў Беларусі, якія сёння маюць прывілеі. Пытанне ўвядзення падатку на багацце – для найбольш заможных – абмяркоўвалася пры змяненні Падатковага Кодэксу, але як паўстала, так і сціхла. Мы даведаліся, чаму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Першы месяц з новым Падатковым кодэксам. Змяніліся правілы гульні – сёлета для часткі прадпрымальнікаў, а налета – зменяцца для ўсіх. Замест агульнай стаўкі ў 13 % ім давядзецца перайсці на аплату падаходнага падатку ў памеры 18 %.

«Стаўка ў 13 % паводле плоскай шкалы адлічэння падаткаў, была вельмі карыснаю і яна вывела даходы беларусаў з серай зоны шмат у чым. Гэта было добрае і сур’ёзнае рашэнне. Таму Беларусі, я лічу, мэтазгодна заставацца ў плоскай шкале», – лічыць бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

У фінансавым свеце залатою сярэдзінай падатку на прыбытак прынята лічыць значэнне ў дыяпазоне ад пятнаццаці да дваццаці адсоткаў. Калі ён вышэйшы – рызыка ўкрывання падаткаў. Ніжэйшы – магчымы недахоп сродкаў у бюджэт. Уласна Дзмітрый Крутой з Адміністрацыі Лукашэнкі заявіў, што з-за спрошчанай 13 % стаўкі для ІП не далічыліся 30 % падаткаў.

Дробныя прадпрымальнікі пытаюць, чаму дзяржава не ўвядзе падатак на багацце – каб звыш 30 % ад даходу плацілі найбагацейшыя прадпрымальнікі? Такімі ў дзяржаўным сектары Беларусі зʼяўляюцца набліжаныя да Лукашэнкі бізнесоўцы, як Алексін, Машэнскі, Шакуцін, Белы, Тапузідзіс, якія наадварот – карыстаюцца ільготамі дзяржавы.

«Ёсць татальны кантроль за тым, як яны працуюць. Ёсць правілы гульні ўваходу на рынак, кантроль за фінансамі, кантроль за тымі рэчамі, куды можна ўкладаць. Па сутнасці, Беларусь – не тая краіна, дзе нацыянальны бізнес і прадпрымальнікі могуць працаваць і зарабляць больш і ўкладаць гэтыя грошы. А тэрыторыя, на якой забляюць грошы, а потым выводзяць у іншыя краіны», – тлумачыць кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Тыя ж прыватнікі, якія маюць актывы, большыя за паўмільярда долараў, як EPAM ды Itransition – не маюць штаб-кватэраў і актываў у Беларусі – нагадвае Яраслаў Раманчук.

«Таму што яны ведаюць, што ў краіне «амапа-эканомікі» і «амапа-права» гэта прывядзе да таго, што прыйдуць да іх палкоўнікі ці генералы і скажуць падзяліцца. Чаму гаворка ідзе сёння пра ўвядзенне такога падатку – зноў для таго, каб разварушыць нянавісць і зайздрасць беларусаў да багатых, да прадпрымальнікаў», – лічыць Яраслаў Раманчук.

Есць яшчэ адна прычына, па якой у новым кодэксе няма падатку на багацце. Яго ўводзяць толькі пераходзячы на прагрэсіўную шкалу падаткаабкладання – калі стаўка падатку на прыбытак расце прапарцыйна даходам не толькі заможнага, але і сярэдняга бізнесу. Ці трэба нам такая «прагрэсіўнасць»?

«Я думаю, у Беларусі яна была б бессэнсоўнаю проста па прычыне складанасці збору падаткаў. Бо такую шкалу значна складаней адміністраваць, а па-другое – нашыя нацыянальныя традыцыі, звязаныя з укрываннем сваіх даходаў ад дзяржавы (такой партызаншчыны) яны, канешне, былі б узноўленыя», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

Новы Падатковы кодэкс, аднак, зрабіў невялікі крок да прагрэсіўнай шкалы падаткаабкладання. У 2023 годзе будзем плаціць за прафесійны даход, дзе няма агульнай стаўкі: 10 %, калі ён ніжэйшы за 60 тыс. і 20 % – калі вышэйшы. Сёлета ж расслаенне бачым у стаўках адзінага падатку.

Юлія Цяльпук, «Белсат».