Судзілішчы ў закрытым рэжыме


Чарговы дзень – чарговыя расправы над беларусамі. Гэтак, 14 содняў адміністратыўнага арышту за дробнае хуліганства атрымала сёння актывістка грамадскага аб’яднання «Звяно» Юлія Сяменчанка. Юлію затрымалі працаўнікі ГУБАЗіК яшчэ ў пятніцу, нібыта каб узяць паказанні сведкі. Аднак калі затрыманая адмовілася сведчыць без адваката, яе адвезлі ў міліцыю і склалі пратакол, быццам бы яна сама туды прыйшла, мацюкалася і крычала. Іншыя расправы, пра якія стала вядома сёння, – у аглядзе Валерыя Руселіка.

Суд над блогерам Эдуардам Пальчысам, які распачаўся сёння ў Менскім гарадскім судзе, меўся быць адкрыты. Аднак пасля таго як палітвязень, якога абвінавачваюць адразу паводле чатырох крымінальных артыкулаў і якому пагражае да 12 гадоў зняволення, заявіў адвод суду і адмовіўся ўставаць, суддзя Пётр Арлоў зрабіў працэс закрытым.

«Хадайніцтвы, якія заяўляла адвакатка Эдзіка, выглядалі наступным чынам. Яна ўстае, у яе такі на некалькі старонак тэкст напісаны. І вось яна спасылаецца на такія-та законы, на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, на міжнародныя нормы. Уся гэтая прамова займае пэўны час. А потым устае пракурор, у двух-трох сказах заяўляе сваё «не». І суд «выходзіць для нарады», потым вяртаецца і займае бок пракурора», – кажа жонка палітвязня Вікторыя Пальчыс.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Будынак Менскага гарадскога суда. Менск, Беларусь. 24 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Адкрытым меўся быць і працэс над былым студэнтам БДУ з Горадні Арцёмам Баярскім, якога, як і Пальчыса, вінавацяць у адміністраванні тэлеграм-каналу (гаворка пра канал «Мая краіна Беларусь») і арганізацыі беспарадкаў. У выніку выступу палітвязня з апошнім словам не змаглі пачуць нават ягоныя бацькі.

«Першапачаткова паседжанне было адкрытае. І папросту пракурор потым сказала, што, маўляў, так і так, у справе прысутнічаюць звесткі, датычныя інтымнага жыцця падсуднага, таму запатрабавала зрабіць паседжанне закрытым», – распавядае на ўмовах ананімнасці адна з наведніц працэсу над Арцёмам Баярскім.

А вось як, хто, дзе і калі судзіў фрылансера радыё «Свабода» Андрэя Кузнечыка, дакладна не вядома. Ён мусіў выйсці яшчэ напярэдадні пасля 10-ці содняў арышту нібыта за дробнае хуліганства. Сёння ў міліцыі сям’і Кузнечыка пацвердзілі, што ён па-ранейшаму застаецца ў ізалятары на Акрэсціна. І сёння ж стала вядома пра чарговыя 10 содняў для «свабодаўца» – зноўку ж нібыта за дробнае хуліганства. Нагадаем, у вечар затрымання Андрэя Кузнечыка быў узламаны тэлеграм-канал радыё «Свабода».

«Гэта, канешне, частка больш шырокага наступу, які пачаўся ў 2020 годзе, калі ўлады публічна прызналі, што вось яны прайгралі інфармацыйную вайну. Але якая гэта была вайна? Гэта была нармальная, звычайная журналістыка – папросту журналістыка, якая паведамляе навіны, робіць іх аналіз, дае людзям слова», – рэзюмуе кіраўнік беларускай службы Радыё «Свабода» Аляксандр Лукашук.

Чарговыя 13 содняў атрымаў сёння і заснавальнік Symbal.by Павал Белавус. За што – невядома. Як дакладна не была вядомая дагэтуль прычына папярэдніх 15 содняў арышту, пасля якіх Белавус гэтак і не выйшаў на волю. Сёння ж сайт Reform.by апублікаваў сведчанні мужчыны, які некалькі дзён сядзеў у адной камеры з актывістам і пацвердзіў журналістам, што першы тэрмін Белавусу далі нібыта за несанкцыянаванае пікетаванне… татуіроўкай на запясці ў выглядзе маленькага бел-чырвона-белага сцяга.

Валера Руселік, Белсат