Меншыя даходы, большыя падаткі


Ад 20 да 50 рублёў – гадавы падатак на нерухомасць, які дадасца да так званых «жыровак» у наступным годзе. У Падатковы кодэкс упішуць новыя падаткі. Падвышаюць стаўкі адзінага падатку для прадпрымальнікаў. Увядуць і новы падатак для замежных інтэрнэт-крамаў.

Пакупкі праз інтэрнэт… пад час пандэміі яшчэ больш замацаваліся сярод беларусаў. Яны складаюць 6 адсоткаў у агульным абароце краіны. Aliexpress, Ozon, Wildberries мусяць плаціць падатак на дададзеную вартасць – лічаць у Менску.

«Трэба глядзець каб не было падвойнага падаткаабкладання па ПДВ, які можа прывесці да значнага падаражэння тавараў», – кажа Анастасія Лузгіна, эксперт цэнтру BEROC.

Змены ў падатковым кодэксе закрануць і айчынны бізнес. Сёння ў Беларусі 270 тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў, 96 тысячаў мікрапрадпрыемстваў, 45 тысячаў самазанятых, 40 тысяч рамеснікаў і тры тысячы – гаспадароў аграсядзібаў.

У 22-ім годзе толькі частка ІП працягнуць працу паводле спрошчанай сістэмы падаткаабкладання з аплатаю 6 % ад выручкі. У 2023-ім годзе ўсіх чакае 18 % падаходнага падатку. Альтэрнатыва – зарэгістравацца як мікрабізнес (калі маеш вытворчасць).

Гандляры ж хутчэй зарэгіструюцца як самазянятыя, без права наймаць працаўнікоў – мяркуе эканаміст Леў Марголін:

«Ім гэта не зручна і не выгадна. Ім прасцей заставацца прадпрымальнікамі, а калі ім нехта дапамагае, давядзецца такіх асобаў пераводзіць у шэрую зону. Галоўная задача, на мой погляд, не ў тым, каб ліквідаваць гэтую шэрую зону, а сабраць з міру па нітцы грошы – дзе толькі можна», – лічыць эксперт.

Леў Марголін дапускае, што ў 2022-ім рэжыму ўдасца сабраць з ІП адно на 20 мільёнаў долараў больш… Але што будзе ў годзе 2023-ім – вялікая загадка. Перафарматаванне кодэксу таксама не вяжацца з інтэграцыйнымі планамі Менску і Масквы па збліжэнні заканадаўстваў. Стаўленне да прадпрымальнікаў у Расеі – больш ліберальнае.

«Ва ўсіх краінах з індывідуальнымі прадпрымальнікамі ніхто не звязваецца, бо зразумела, што яны самыя сябе кормяць, у дзяржавы нічога не просяць, а іншы раз і некалькі працоўных месцаў ствараюць», – падсумаваў Леў Марголін.

Быць у наступным годзе і падатку на нерухомасць. Гаворка пра прыватызаваныя кватэры, якіх у Беларусі 95 %.

У праграме АТН «Вопрос номер один» намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой заявіў:

«Падатак будзе невялікім, ільготныя катэгорыі захаваюцца. Яго не будуць плаціць пенсіянеры, шматдзетныя, інваліды, іншыя сацыяльныя катэгорыі. Для рэшты гэта будзе стаўка ад 20 да 50 рублёў у год», – заявіў Крутой.

Пакуль не ведаем памеру, але ўвядуць таксама падатак на даўгабуд. Дзяржава тлумачыць, што гэта такі стымул распачынаць будоўлю на ўчастку ў першыя тры гады. Змены ў якіх падатках закранаюць нашых гледачоў – мы запыталіся праз свой тэлеграм-канал.

Гледачы пішуць:

«У нас не падаткі, а даніна. Адпрацоўваць заплачаныя намі грошы ніхто не хоча. Пяюць, як мантру «вы павінныя дзяржаве». За што менавіта? Калі я маю плаціць, то і вы давайце справаздачы, якія я магу праверыць. Без пагрозы трапіць на Акрэсціна».

«Да падатку з кватэраў не маю эмоцыяў. Людзі, якія жывуць у прыватных дамах заўжды плацілі гэты падатак. Чаму кватэры не плоцяць?»

«Ужо не ведаюць, што прыдумаць, каб праўдападобна выглядала і нібыта законна аджаць кватэры ў тых, хто з’ехаў».

Іншыя не хочуць чуць пра новыя падаткі – на фоне зніжэння даходаў, якое бачым і ў афіцыйнай статыстыцы. У трэцім квартале года сярэдні месячны выдатак малазабяспечанай асобы не дацягваў да Br 250 рублёў, што ніжэй за афіцыйны пражыткавы мінімум. Сярэднія выдаткі ў 10 % менш забяспечаных – склалі Br 326. У 10 % больш забяспечаных – Br 2170. Br 711 магла патраціць асоба з сямʼі з адным дзіцём.

На лета ж Міжнародны Валютны Фонд і Сусветны банкам прагназуюць падзенне беларускай эканомікі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»