«Комсомольская правда» не ў Беларусі


«Комсомольская правда» закрывае прадстаўніцтва ў Менску. Рашэнне стала вынікам падзеяў апошняга года і асабліва апошняга тыдня, паведамляе кіраўніцтва.

Вольга Ярохіна, якая сем з паловаю гадоў працавала ў выданні, лічыць закрыццё газеты ў Беларусі чарговым цвіком у труну беларускай журналістыкі.

«Гэта беларуская газета, якая працавала з беларускімі журналістамі. Там былі беларускія навіны. Яна была вельмі папулярная, у найлепшыя часы па 300 тысячаў накладу было ў газеты, яна прадавалася ў электрычках, яе чыталі людзі старэйшага ўзросту», – кажа Вольга Ярохіна.

Пасля страляніны на Якубоўскага і станоўчай публікацыі пра Андрэя Зельцара заблакавалі сайт «Камсамолкі». Праз некалькі дзён затрымалі аўтара артыкулу Генадзя Мажэйку.

«Беларуская ўлада дайшла да таго, што пачала расправу нават з выданнямі, якія афіляваныя з галоўным партнёрам афіцыйнага Менску, з Крамлём, з Масквою. І нават пры абсалютна зразумелай пазіцыі Масквы ходу назад не дадзена», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Праблемы «Комсомольская правда в Беларуси» зазнала летась пасля выбараў. Газету выкінулі з сістэмы распаўсюду, пазбавілі магчымасці друкавацца ў Беларусі.

«Камсамолка» зрабіла вельмі важны смелы ўчынак, калі ў жніўні выпусціла некалькі нумароў, фактычна цалкам прысвечаных пратэстам, грамадскай актыўнасці і той жорсткасці і страшным рэчам, што адбываліся на Акрэсціна, і тым жахлівым метадам, якія выкарыстоўвалі сілавікі», – нагадвае Барыс Гарэцкі.

І гэта не першы канфлікт выдання з беларускімі ўладамі, узгадвае журналіст Яўген Валошын, які працаваў у выданні.

«У 2006 годзе пасля падзей на Плошчы, пасля выбараў былі праблемы, і нават здымалі галоўнага рэдактара Юлію Слуцкую. Тады прыязджаў Сунгоркін, галоўны рэдактар «Камсамолкі», у Менск. Ён тады казаў што Уладзімір Пуцін – геніяльны чалавек, і Лукашэнка – таксама геніяльны чалавек. Вось цяпер Сунгоркін ад геніяльнага Лукашэнкі атрымаў прывет».

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў напярэдадні заявіў, што Крэмль трымае кантакт з Менскам у гэтым пытанні ды будзе даводзіць сваю пазіцыю.

«Як відаць, адзінае правільнае рашэнне прыняло выданне пра закрыццё падраздзялення ў Беларусі. Можна выказаць шкадаванне ў сувязі з тым, што ў Беларусі спыніла працу нашае вельмі аўтарытэтнае і папулярнае выданне, і вельмі паважанае», – падкрэсліў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Генадзя Мажэйку цяпер трымаюць у жодзінскай турме. Яго падазраюць у распальванні варожасці ды абразе прадстаўніка ўлады. Журналісту пагражае да 15 гадоў калоніі. Абаронцы Мажэйкі падалі скаргу на ягоны арышт.

Саюз журналістаў Расеі выступіў у падтрымку зняволенага журналіста. Закрыццё ж беларускага аддзялення больш шкоды прынясе беларускім чытачам, чым выданню, лічыць старшыня арганізацыі Уладзімір Салаўёў.

«Гэта адна з трох нашых самаакупляльных газет. Гэта праект не толькі ў прынце, але і ў лічбе, і ў радыё. Гэта моцная інфармацыйная структура. І філіял у Беларусі – я думаю, што гэта зусім не вялікая частка агульнага аб’ёму працы «Комсомольской правды», – кажа Уладзімір Салаўёў.

Вялікую трывогу ў сувязі з закрыццём «Комсомольской правды в Беларуси» выказаў і праўладны Беларускі саюз журналістаў, задаўшыся пытаннем, ці нельга было пераадолець праблему кропкавымі звальненнямі. Пры гэтым у БСЖ не згадалі, што ў ізалятарах і калоніях сёння застаюцца 29 беларускіх працаўнікоў медыяў. Шмат журналістаў з-за пагрозы затрымання мусілі пакінуць Беларусь, шэраг незалежных выданняў спынілі дзейнасць або зазнаюць моцны ціск з боку ўладаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»