Эканоміка-2022: заробкі ўпадуць да 30 %


Сусветны банк на паў адсоткі панізіў чаканні адносна сёлетняга росту беларускай эканомікі і на 4,7 % – эканомікі 2022 года. Апошняе азначае, што рост ВУП Беларусі налета можа ўпасці да -2,8 %. Паводле даследавання, паказнікі росту беларускі ВУП ужо цяпер найгоршыя сярод краінаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Найбольш высокі паказнік эканамічнага росту – у Чарнагорыі (10,8 %). Такі прагноз Сусветнага банку сярод краінаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Найбольш нізкі ВУП (1,2 %) сёлета будзе ў Беларусі. На гэта паўплывала падзенне ўнутранага попыту, зніжэнне аб’ёму інвестыцыяў і дэфіцыт бюджэту.

«Беларусь таксама сутыкнулася з сектаральнымі эканамічнымі санкцыямі. Таму доўгатэрміновыя перспектывы росту таксама стрымліваюцца праз праблемы, звязаныя з павольнымі тэмпамі рэформаў. Гэта замінае развіццю канкурэнцыі і прыватнага сектару», – напісана ў аналітыцы банку.

Гадавы паказнік ВУП Беларусі сёлета застанецца плюсавы, але за апошні квартал – можа быць са знакам мінус. У годзе наступным, паводле Сусветнага банку, валавы ўнутраны прадукт абваліцца да 2,8 %, скокнуўшы на 4,7 адсоткавых пункты ўніз у параўнанні з ліпеньскім прагнозам. Дзяржава да гэтага гатовая – кажа кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Тое што Мінфінансаў уводзіць падатак на кватэры, сведчыць пра разуменне дзяржавы пра тое, як закрываць дзіркі ў бюджэтах перадусім мясцовых органаў улады. Грошай будзе не хапаць. Сярэдні заробак, які сёлета намалявалі ў памеры $ 580, налета будзе значна меншы. Думаю – можа ўпасці нават да 30 %».

У такім сцэнары – гадавая інфляцыя, не меншая за 15 %, а для малога і сярэдняга бізнесу – пагроза гібелі.

Адток у падаткавай галіне ды інвестыцыях, а таксама наступствы сектаральных санкцыяў – гэта страты, якія беларусы зазнаюць праз палітыку Аляксандра Лукашэнкі, лічыць Яраслаў Раманчук:

«У 21-ым годзе бюджэт складзе недзе $ 25 млрд. Гэтых грошай яшчэ хопіць. 8 млрд ёсць у золатавалютных рэзервах. Яшчэ возьмуць беларускія ўлады $ 2-3 млрд. крэдытаў і нейчым чынам і нейкім чынам перабʼюцца. Менавіта такая сёння палітыка беларускіх уладаў».

Эканамічны рост крыху замарудзіцца і ў багацейшых краінах. Ліпеньскі агляд сусветнай эканомікі перагледзелі і ў Міжнародным валютным фондзе. Паводле яго, глабальная эканоміка сёлета мелася вырасці на шэсць адсоткаў, але праз пандэмію рост трохі замарудзіцца – паведаміла кіраўнічая дырэктарка МВФ Крысталіна Георгіева перад публікацыяй даследавання.

«Існуе небяспека, што больш высокая, чым чакалася, інфляцыя можа змусіць цэнтральныя банкі падняць адсоткавыя стаўкі і яшчэ больш запаволіць эканамічны рост. Асаблівую заклапочанасць выклікае рост коштаў на харчы, бо за апошні год ува ўсім свеце яны павялічыліся ў сярэднім на 30 %. Павышэнне коштаў на энерганосьбіты таксама цісне на семʼі», – канстатавала Георгіева.

Праз супрацьковідныя захады бяспекі ў развітых краінах даходы насельніцтва ўпалі ў сярэднім на 2 цэлыя 8 дзясятых адсотка. У развіваных краінах, як і ў Беларусі, страты большыя ў два з паловаю разы.

Гэтую статыстычную лічбу ў прагнозах улічваюць і МВФ, і Сусветны банк.

Юлія Цяльпук, «Белсат»