Частка Рагачова засталася без ацяплення і гарачай вады

Без ацяплення і гарачай вады. У гэткіх умовах правяла сённяшні дзень частка Рагачова, у тым ліку дзіцячыя садкі.

«Сёння і заўтра адключаныя гарачая вада і ацяпленне ў нашай установе. Ня толькі ў нашым, ва ўсім Залінейным раёне», – адказалі ў рагачоўскім яслі-садзе №7.

Акрамя часткі дзіцячых садкоў без ацяплення і гарачай вады засталіся адзінаццаць вуліцаў, будаўнічы каледж з яго інтэрнатам, Цэнтр творчасці і школа. Паводле заканадаўства, умова ўключэння ацяплення ў садках і школах – сярэдняя тэмпература +10 цягам пяці дзён. Глядзім надвор’е на наступныя содні: уначы +6, зранку ўвогуле +2, удзень – максімум +10. У якое памяшканне пасля сённяшняй ночы прыйдуць дзеці?

«Ужо няма, а з раніцы было. У нас яшчэ не паспелі астыць батарэі. Ну так… Уродзе бы заўтра да 8-й вечара. Ну ў 8 уключаць, за ноч прагрэецца», – адказваюць ў рагачоўскім санаторным яслі-садзе №4.

Адсутнасць рэсурсаў рагачоўскія камунальнікі патлумачылі планавымі работамі: учора выставілі паведамленне на сайце камунальнага прадпрыемства.

Мерзнуць даводзіцца і палітвязням. Паводле крыніцаў газеты «Беларускі Час», адміністрацыя папраўчай установы ўзгадніла замену трубаў. Часам у месцах зняволення адключаюць ацяпленне і з іншых прычынаў: каб ашчадзіць, кажа праваабаронца, доктар з 25-гадовым досведам працы ў медслужбе Дэпартаменту выканання пакаранняў Васіль Завадскі.

«Такія праблемы бываюць. І, канечне, шмат у якіх месцах зімой халодна, а летам спякотна. Асабліва, калі казаць пра следчыя ізалятары, дзе камеры ўтрымання – гэта дастаткова вялікая праблема. Я сам, на жаль, маю такі досвед знаходжання ў гэтай сістэме, калі зімой на падлозе вада замярзала. Бывала і такое», – кажа Васіль Завадскі.

Варта дзяліцца любой інфармацыяй пра тое, што адбываецца за кратамі, заклікае сваякоў палітвязняў праваабаронца. Гэтак, сёння стала вядома, што ў шклоўскай калоніі палітзняволеных, якія адказваюць на лісты салідарнасці, адпраўляюць у карцар. Цяпер у калоніі трымаюць 39 палітзняволеных. А траўні тут памёр Вітольд Ашурак.

Надзея Бельская, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату