Пуцін прыехаў на вучэнні ўсміхацца на камеру і глядзець у бінокль


Вясёлая міна пры дрэннай гульні. Уладзімір Пуцін наведаў вучэнні на Дальнім Усходзе Расеі, дзе на камеру ўсміхаўся і жартаваў з міністрам абароны Сяргеем Шайгу – хаця тым часам ва Украіне ідуць цяжкія баі. Агулам стратэгічныя вучэнні «Усход-2022» сёлета адбываюцца значна больш сціпла, чым раней.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

7 палігонаў Усходняй вайсковай акругі Расеі, акваторыя і берагавыя воды Ахоцкага і Японскага мораў, войскі і назіральнікі ад 14 краінаў – апісанне вучэнняў «Усход-2022» гучыць уражліва. Як заўжды, манеўры дэманструюць вайсковую сілу расейцаў і падтрыманне саюзнікаў на ўсходнім кірунку. Каб ворагі не перабраліся праз Берынгаву пратоку.

«Размах вучэнняў, склад дзяржаваў-удзельніц, колькасць асабовага складу і ўзбраенняў і спецыяльнай тэхнікі сведчыць аб росце ролі сумеснай падрыхтоўкі нашых узброеных сілаў», – заявіў падчас прамовы перад войскамі і гасцямі вучэнняў віцэ-міністр абароны Расеі Юнус-Бек Еўкураў.

Але нават афіцыйныя звесткі з вучэнняў паказваюць, што расейскія сілы на Далёкім Усходзе скурчыліся: усяго 5 тысячаў адзінак узбраення і тэхнікі, 140 «лятальных апаратаў» (гэта разам з беспілотнікамі) і 50 тысячаў вайскоўцаў, прычым, падобна, з улікам вайскоўцаў з Беларусі, Манголіі і Кітаю.

«Калі ўлічваць схільнасць расейцаў да гіпербалізацыі ці, папросту кажучы, да хлусні, то рэальна там з расейскага боку будзе задзейнічана 10 тысяч», – тлумачыць падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікола Саламаха.

4 гады таму ў вучэннях «Усход» афіцыйна ўдзельнічалі 300 тысяч вайскоўцаў – гэта ў 6 разоў больш. Куды ж яны ўсе падзеліся? Прарасейскі эксперт Аляксандр Алесін нагадвае пра лютаўскія вучэнні «Саюзная рашучасць» у Расеі і Беларусі, якія перараслі ў адкрытую агрэсію і ўварванне ва Украіну.

«Першым этапам гэтых вучэнняў было перакідванне войскаў з Далёкаўсходняй ваеннай акругі ў заходнюю частку РФ, адтуль на тэрыторыю Беларусі і на мяжу з Украінай», – нагадвае Аляксандр Алесін.

Аднак расейскія войскі не толькі былі вымушаныя выйсці з Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласцяў. Яны панеслі цяжкія страты: паводле Генштабу ЗСУ, 50 тысячаў чалавек; паводле экспертаў – 20–30 тысячаў. Страты трагічныя для расейскага камандавання.

«Трагічна, бо ў іх няма рэзерваў. Яны не абвяшчалі мабілізацыі, таму любыя лічбы, 200, 300, 500 чалавек за дзень – для іх гэта трагічна. Бо ў іх няма прытоку новых сілаў. І мы бачым, што 3-ці армейскі корпус, які сфармавалі, гэта 10 тысяч чалавек, хаця першапачаткова хацелі 30 тыс чалавек», – тлумачыць вайсковы аглядальнік Ігаль Левін.

4 гады таму вучэнні «Усход» былі агульнавайсковымі. А сёлета – камандна-штабныя.

«Можна праводзіць камандна-штабныя вучэнні, дзе можна рыхтаваць шматнацыянальныя штабы паводле рознай тэматыкі, і з прыцягненнем войскаў. Тады ўжыванне боепрыпасаў будзе мінімальным, толькі для выканання канкрэтных агнявых задачаў, якія будуць вызначаныя сцэнаром вучэнняў», – тлумачыць розніцу Мікола Саламаха.

Мікола Саламаха нагадвае, што ва Украіне Расея выкарыстала палову ўсіх боепрыпасаў, якія былі на складах. Таксама ёсць вялікія праблемы са зношваннем артылерыйскіх ствалоў.

«Ад 6 тысячаў стрэлаў з аднаго ствала да тысячы – гэта гладкаствольныя танкавыя ствалы. Каб мяняць хаця б пасля тысячы стрэлаў танкавыя ствалы, трэба вырабляць у год каля 3 тысячаў ствалоў», – падкрэслівае Мікола Саламаха.

А такіх рэсурсаў, ды яшчэ і пад санкцыямі, у Масквы проста няма. Гэтаксама і з калібрам 152 і 122 мм. Кітай наўрад ці будзе рызыкаваць пад пагрозаю заходніх санкцыяў і не прадасць боепрыпасаў і тэхнікі, мяркуюць эксперты.

«Кітай становіцца ўсё больш магутным у вайсковым сэнсе, і асабліва ў эканамічным дачыненні ён значна мацнейшы за Расею. У выніку вайны супраць Украіны Расея слабне, становіцца ўсё больш залежнай ад Кітаю. У яе засталося ўсяго два рынкі для продажу сваёй прадукцыі, асабліва энерганосьбітаў, якія даводзіцца прадаваць Кітаю. Пасля вайны ва Украіне мы пабачым, што Расея зробіцца малодшым партнёрам Кітаю. Кітай будзе ўсё больш вызначаць парадак дня і ўсё больш патрабаваць ад Расеі», – прагназуе Ніл Мэлвін, дырэктар даследаванняў міжнароднай бяспекі ў Каралеўскім аб’яднаным даследчым інстытуце абароны і бяспекі.

А вось сумесныя вучэнні, сумеснае патруляванне і расейска-кітайскія марскія аперацыі ў Ціхім акіяне не падпадаюць пад санкцыі, тлумачыць брытанскі эксперт:

«Мяркую, гэта спроба паказаць Захаду і яго азіяцкім партнёрам нараджэнне стасункаў між Расеяй і Кітаем у галіне бяспекі і абароны, якія Захад мусіў бы мець на ўвазе».

Разам з тым, манеўры заўжды былі спосабам замаскаваць перакідванне войскаў і боепрыпасаў. Вучэнні «Усход-2022» адбываюцца на фоне абвінавачанняў Масквы ў закупцы мільёнаў снарадаў і ракетаў у іншага азіяцкага саюзніка – КНДР. Пра гэта паведаміла выданне «New York Times» са спасылкаю на звесткі амерыканскай выведкі. Але афіцыйнага пацверджання продажу паўночнакарэйскіх боепрыпасаў пакуль няма.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»