Аўтапрамы Беларусі і Расеі кажуць пра аднаўленне


Абвал на аўтарынку. А мелася быць так добра. У жніўні яшчэ больш упалі продажы аўтамабіляў у Беларусі. У апошнім летнім месяцы прадалі толькі 542 новыя аўты, што на 84 адсоткі менш, чымся ў жніўні летась – да ўвядзення санкцыяў. А нібыта санкцыі толькі дапамагаюць, кажуць чыноўнікі. Пры гэтым лідар продажаў – расейская LADA, за ёю – айчынная Джылі. Продажаў – у жніўні было рэкордна мала. Распавядаем пра стан аўтапраму Беларусі і Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Для продажу на ўнутраным і расейскім рынках завод Белджы з другім паўгоддзі плануе зрабіць 12 тысяч аўтамабіляў – заявіў намеснік прэм’ера Беларусі Пётр Пархомчык у эфіры ОНТ.

«Мы пачынаем з верасня працаваць на поўную магутнасць. Калектыў працуе, своечасова атрымлівае заробак і асноўныя пытанні, я лічу, вырашаныя».

Сярод асноўных пытанняў айчыннага аўтапраму – камплектуючыя. У жніўні Пётр Пархомчык рапартаваў, што пад ціскам санкцыяў, але – да канца года Кітай адгрузіць на завод пад Менскам 9 700 машынакамплектаў. Такая колькасць не пакрывае вытворчых планаў «Белджы».

Пастаўнікоў літаральна ўгаворвалі прадаць нам гэтыя аўтакамплекты – падкрэслівалі чыноўнікі. У наступным годзе абяцаюць дамовіцца прынамсі на больш танныя камплекты.

«З Кітайскімі машанакамплектамі няма пытанняў. Там амаль уся вытворчасць лакалізаваная на тэрыторыі Кітаю. Давезці ўсё, што там запраектавана – няма пытання»

На справе пад санкцыі трапілі аўты коштам ад 50 тыс. еўра – у Еўропе і 50 тыс. долараў – у Амерыцы. То бок, аўтамабілі, якія танней, не мусілі трапіць пад рэстрыкцыі. Калі казаць пра Джылі, то ёсць нюанс:

«Джылі належыць Volvo і Джылі належыць 10 % Mercedes. Яшчэ ім належыць Lotus. Але Lotus – гэта забаўка, а Volvoі Mercedes – гэта сурʼёзна. І я думаю, што яны, вядома, глядзяць на еўрапейскіх партнёраў і на тое, каб не трапіць пад рэстрыкцыі ў Еўропе».

Пасля таго, як айчынны рынак пакінулі вытворцы амерыканскіх і еўрапейскіх аўтаў, лідарам продажаў новых легкавікоў па выніках васьмі месяцаў стала LADA. Geely – на другім месцы і на трэцім месцы – KIA.

Замест 112 мадэляў летась, у продажы – 36 мадэляў. А калі паглядзець на абʼёмы продажаў, то яны праселі на 84 %, калі параўнаць жнівень бягучага і мінулага гадоў. Гэтыя лічбы паказваюць, што рынак яшчэ не адштурхнуўся ад дна. Аўтаэксперт Валянцін Міхальцоў кажа, што сітуацыя падобная на паніку 2014 года.

«Але ж потым упалі на дно, зразумелі, дзе яно, колькі рэальна будзе прадавацца, колькі рэальна будзе людзям патрэбна, на што ёсць грошы, на што ёсць замовы. Зʼявілася нейкая акрэсленасць, і продажы пайшлі далей», – нагадаў Міхальцоў.

Расея, у якой ад альянсу АўтаВАЗу, Міцубішы, Рэно і Нісану застаўся толькі АўтаВАЗ, спрабуе наладзіць новыя каналы паставак аўтакампанентаў. Але цярпіць збоі. Днямі давялося спыніць продажы 6,5 тыс спрошчаных LADA Granta, у якіх забракаваны датчык хуткасцяў.

Агулам гэты аўтамабіль – неўязны к Еўразвяз праз тэхнічныя патрабаванні. АўтаВАЗ пад ціскам санкцыяў пачаў выпускаць спрошчаную версію Lada Granta, у якой няма антыблакуючай сістэмы тармазоў ABS, трывожнай кнопкі ЭРА – ГЛОНАС і паветраных падушак бяспекі.

Не гледзячы на праблемы, АўтаВАЗ у Расеі ўпэўнены лідар продажу новы аўтаў. Нацыянальнае агенцтва прамысловай інфармацыі Расеі паведаміла, што ў жніўні сёлета грамадзяне набылі на 62 % менш новых легкавікоў, чымся летась у гэтым месяцы. Па выніках года продажаў будзе ўдвая менш, чымся летась.

Але расейскі рынак, у адрозненні ад беларускага, ужо адбіўся ад дна, кажа кажа кіраўнік праекту «Автомаркетолог».

«У наступным годзе я думаю мы перакрочым планку ў мільён. Маем шанцы, па меншай меры, бо АўтаВАЗ упэўнены, што яны выпусціць 400-500 тыс. машын. Кітайцы, безумоўна, будуць біцца за рынак, карыстаючыся тым, што еўрапейцы сышлі», – кажа Алег Маісееў.

У дасанкцыйным 2021-ым продажаў было на дзве траціны больш. Падобна як Лукашэнка патрабаваў росту ад «Белджы», Пуцін – ад АутаВАЗу:

«Забяспечыць працу аўтамабільных заводаў Расеі неабходнымі кампанентамі, захаваць занятасць працаўнікоў заводаў і кваліфікаваных спецыялістаў».

Не такая простая задача, бо спіс тых, хто пакідае расейскі аўтапрам, яшчэ расце. Напярэдадні да яго далучылася кітайская кампанія Сhery, каб не трапіць пад другасныя санкцыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»