«Талібан» цалкам захапіў Афганістан


Панджшэр, што на поўнач ад Кабулу, – апошняя правінцыя, якая заставалася пад уладай Нацыянальнага фронту супраціву Афганістану. За кантроль над гэтаю тэрыторыяй талібы і байцы супраціву вялі жорсткія баі. Сёння раніцаю «Талібан» заявіў пра захоп Панджшэру і заканчэнне ваенных дзеянняў.

«Усе задачы вайны ў краіне дасягнутыя. Я чакаў, што вайны не будзе. Калі мы ўвайшлі ў Кабул, мы чакалі, што вайна скончыцца. Калі мы ўвайшлі ў Кабул, вораг уцёк у Панджшэр, узяўшы цяжкую зброю, каб у будучыні стварыць праблемы ў краіне. Мы хацелі сесці разам, правесці канструктыўны дыялог і будаваць нашу краіну разам», – заявіў прадстаўнік руху «Талібан» Забігула Муджагід.

Байцы супраціву абверглі захоп Панджшэру талібамі і заявілі, што працягваюць змагацца і прысутнічаюць на ўсіх стратэгічных аб’ектах. Паводле прэс-сакратара Нацыянальнага фронту супраціву Афганістану Алі Назары, талібы не такія моцныя, як некалі была Чырвоная армія, а яна 9 разоў уваходзіла ў Панджшэр і столькі ж разоў цярпела паразу.

«Тое, што сёння робяць талібы, не прынясе міру і стабільнасці. Яны паглыбілі сваю аперацыю супраць Панджшэру, сваю агрэсію; яны настолькі паглыбілі сацыяльныя расколы ў нашым грамадстве, што гэта незваротна. І мы ўбачым негатыўны ўплыў у Афганістане ў бліжэйшыя гады. Талібы з іхнымі заявамі пра дамінаванне ніколі не будуць кіраваць Афганістанам», – кажа прэс-сакратар Нацыянальнага фронту супраціву Алі Назары.

Аднак з апублікаваных талібамі відэа вынікае калі не кантроль, то прынамсі ўваход баевікоў руху ў Панджшэр. У такім выпадку ўся краіна была б пад кантролем учорашніх баевікоў. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель выступіла з прапановай распачаць перамовы з новымі гаспадарамі Афганістану.

«Што тычыцца талібаў, вядома, мы мусім з імі паразмаўляць, бо менавіта з імі цяпер даводзіцца мець справу. Мы хочам вывезці з краіны людзей, якія працавалі, у прыватнасці, на нямецкія арганізацыі, звязаныя з развіццём, і цяпер адчуваюць пагрозу», – заявіла канцлер Германіі Ангела Мэркель.

Паводле Забігулы Муджагіда, склад новага ўраду Афганістану абвесцяць бліжэйшымі днямі. На яго прэзентацыю «Талібан» запрасіў прадстаўнікоў Турцыі, Кітаю, Расеі, Ірану, Пакістану і Катару. Расея ўжо адрэагавала на запрашэнне і назвала ўмовы свайго ўдзелу.

«Мы хочам падтрымаць працэс фармавання ўраду, які будзе адлюстроўваць увесь спектр афганскага грамадства. У тым ліку талібаў, вядома ж, але таксама ўлучаць і іншыя этнічныя групы, не толькі пуштунаў, але і ўзбекаў, хазараў, таджыкаў. Толькі такі інклюзіўны ўрад зможа забяспечыць пераход да новага жыцця нашых афганскіх суседзяў», – пракаментаваў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Раней у Кабуле, а цяпер у Мазар-э-Шарыфе праходзяць жаночыя акцыі пратэсту. Жыхаркі Афганістану патрабуюць, каб іхныя правы таксама ўлічвалі і ўключылі ў новы ўрад жанчын. Падчас ранейшага кіравання Афганістанам талібы абмяжоўвалі асноўныя свабоды і палітычныя правы грамадзянаў, асабліва жорсткія правілы дзеялі ў дачыненні жанчын.

Ірына Карніенка, «Белсат»