«Патрэбная школа, якая б магла сумяшчаць і літоўскую, і беларускую». У Вільні адкрылася беларуская школа


Менавіта сёння ў «Стэмбрыджы» першы навучальны дзень, бо дагэтуль тут ішла арганізацыйная праца. Рашэнне адкрыць школу прынялі толькі ў чэрвені. Сёння тут ціха і нешматлюдна – на ўроках толькі 6 дзяцей.

Але плануюцца 4 класы па 16 вучняў у кожным, пакуль што некаторыя дзеці яшчэ на каранціне, а некаторыя толькі збіраюцца прыехаць.

«Чаму вы вырашылі тут адкрыць школу?

– Зараз шмат людзей прыехалі з Беларушчыны, і не хапае школаў, дзе маглі б вучыцца нашыя дзеці. Літоўскія школы цікавыя, але яны крыху іншыя. Ёсць бацькі, якія былі зацікаўленыя, каб адкрылася нешта падобнае на беларускую сістэму. Ёсць тыя, хто плануе вярнуцца, і патрэбная школа, якая б магла сумяшчаць і літоўскую, і беларускую», – распавядае дырэктарка школы Алена Саўко.

«Стэмбрыдж» – першая школа, якая адкрылася менавіта для тых, хто выехаў з Беларусі. Яшчэ ў Вільні больш за 20 гадоў працуе беларускамоўная гімназія імя Ф. Скарыны, ёсць тут і літоўскія школы з расейскай мовай навучання. У «Стэмбрыджы» асноўнай мовай будзе расейская, але ў праграме – заняткі беларускай.

«Мне спадабалася адкрыццё гэтай школы, таму што адкрываецца новая школа «Стэмбрыдж», трэба набраць дзяцей і настаўнікаў, каб таксама была такая вялікая школа. Як у Беларусі», – дзеліцца вучаніца Архелія.

Пакуль што ў школе працуюць толькі малодшыя класы. У наступным навучальным годзе ў «Стэмбрыджы» адкрыюцца сярэднія і старэйшыя. І хоць навучацца ў школе можа дзіця з любым грамадзянствам, але адкрытая яна была менавіта пад запыт беларусаў, якія перабраліся жыць у Літву. Некаторыя сем’і пацярпелі ад рэпрэсіяў.

«Можна заўважыць, што беларускія – некаторыя – дзеці, калі закрываецца кабінет і яны гэта заўважаюць, па іх целе бачна, што ім некамфортна. Калі да іх прыходзяць дарослыя новыя людзі, яны моцна ўглядаюцца ў твар», – кажа псіхолаг Вольга Вялічка.

Паводле звестак Міністэрства адукацыі Літвы, у пачатку мінулага навучальнага года ў школах Літвы вучылася 189 беларускіх дзяцей, яшчэ 44 хадзілі ў дзіцячыя садкі. Звесткі за гэты навучальны год у міністэрстве будуць толькі ў кастрычніку, але там адзначылі, што беларускіх дзяцей стала значна больш.

Алена Дубовік, «Белсат»