Калеснікава і Знак: прысуд – чаканы, дух – не зламаны


Чарга беларусаў перад будынкам суда і судовая заля, запоўненая невядомымі ў масках і прадстаўнікамі дзяржаўных медыяў. Падтрымаць сябраў штабу Віктара Бабарыкі – Марыю Калеснікаву і Максіма Знака – на апошняе паседжанне пусцілі нават не ўсіх сваякоў. Выключэння не зрабілі і для замежных дыпламатаў. Суд у закрытым рэжыме пакараў барацьбітоў за перамены 10-цю і 11-цю гадамі пазбаўлення волі.

Нават у кайданках паказвае сваё фірмовае сэрцайка. Нават перад абвяшчэннем прысуду трымаюцца годна і бадзёра. Марыі Калеснікавай – 11 гадоў калоніі; Максіму Знаку – 10 гадоў узмоцненага рэжыму.

«Сваім стаўленнем да жыцця і сваёй пазіцыі, і ўсе ейныя паводзіны сёння дапамаглі мне па меншай меры не расчуліцца. Маша (і Максім таксама) была здзіўленая тым, што ў залі былі практычна лічаныя людзі, якіх яна бачыла, ведала», – дзеліцца бацька Марыі Калеснікавай Аляксандр.

На кожнае судовае паседжанне бацька Марыі Калеснікавай прыходзіў з кветкамі, хаця ў залю яго дагэтуль упусцілі толькі аднойчы. Сёння ён таксама пабачыў сваю дачку. Эмоцыі стрымаць цяжка, але яму і родным Максіма Знака дазволяць сустрэцца з асуджанымі.

«Яны не адсядзяць гэтыя велічэзныя тэрміны. Мы ўпэўненыя, што нашыя законныя патрабаванні будуць задаволеныя і яны выйдуць на волю. Калі гэта здарыцца, у выніку якой працэдуры, мы пакуль што не ведаем. Бліжэйшая працэдура, якая можа іх вызваліць – гэта разгляд справы апеляцыйнай інстанцыі», – кажа адвакат Максіма Знака Яўген Пыльчанка.

Яшчэ летась Марыю Калеснікаву атачалі тысячы аднадумцаў, сёння ж пад судом людзей паменела. Год рэпрэсіяў дае свой вынік. Але цягам года падтрымлівалі асуджаных за мяжою, выйшлі на акцыі і ў гэты дзень.

Марыя Калеснікава і Максім Знак – у ліку 659 палітычных вязняў. Аб прысудзе выказаліся і ў Еўразвязе:

«Еўразвяз выказвае шкадаванне ў справе бесперапыннай відавочнай непавагі менскага рэжыму да правоў чалавека і асноўных свабодаў жыхароў Беларусі. ЕЗ таксама паўтарае свае патрабаванні аб неадкладным і безумоўным вызваленні ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. […] Беларусь павінна выконваць свае міжнародныя абавязанні і абавязанні ў межах ААН і АБСЕ. ЕЗ працягне намагацца, каб прыцягнуць да адказнасці за жорсткія рэпрэсіі з боку ўладаў Беларусі», – заявіў афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай Службы вонкавых дзеянняў Пэтэр Стана.

Суд над сябрамі Каардынацыйнае рады доўжыўся ўсяго месяц. Хоць і вінавацілі адразу паводле трох крымінальных артыкулаў. Тут і змова з мэтаю захопу ўлады, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або кіраванне ім ды заклікі да нанясення шкоды нацбяспецы. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, таму апошняга слова Максіма і Марыі беларусы пачуць не змаглі. Вядома толькі, што Максім прамаўляў амаль тры гадзіны, а Марыя адзначыла, што працэс над імі – гістарычны, незалежна ад таго, якім будзе рашэнне. За справай сачыла і Святлана Ціханоўская. Ды адрэагавала адразу пасля выраку:

«Рэжыму вельмі б хацелася бачыць Макса і Марыю струшчанымі і знясіленымі. Але мы бачым нашых герояў моцнымі і вольнымі ўнутры. Яны выйдуць на волю значна раней. Прыдуманыя для іх тэрміны не павінны пужаць нас, бо Максім і Маша гэтага дакладна не хацелі б. Яны хацелі б, каб мы згадалі, як усміхаецца Маша, і паслухалі, як спявае Максім».

Максім Знак у няволі ад 9-га верасня. Заўчора за кратамі ён сустрэў сваё 40-ка-годдзе. Там піша кнігу «Зекамерон». Акрамя юрыспрудэнцыі, Знак з дзяцінства захапляўся музыкай і спортам. З музыкай па жыцці ідзе і Марыя Калеснікава: з 17-ці гадоў яна выкладала ігру на флейце. Заўтра будзе роўна год, як Калеснікава за кратамі. Аўтарку лозунгу «Вы неймаверныя» спрабавалі выслаць з краіны, але яна парвала пашпарт на мяжы.

Каця Малей, «Белсат»