А цуд-та голы!


Эканамічны рост сягнуў новага гістарычнага максімуму, растуць заробкі і адсоткавыя стаўкі ад Нацбанку – незвычайную для Беларусі пазітыўную тэндэнцыю ў айчыннай эканоміцы за другі квартал сёлета фіксуюць не толькі праўладныя, але і незалежныя эксперты. Штопраўда, у адрозненне ад афіцыйнай прапаганды даследнікі Цэнтру BEROC робяць куды менш аптымістычныя прагнозы.

Беларуская эканоміка дэманструе цуды: рэкордныя 6 адсоткаў росту валавога ўнутранага прадукту, новы гістарычны пік прадукцыйнасці працы, паскарэнне росту рэальных заробкаў і скарачэнне беспрацоўя. Аўтары адмысловага агляду ад Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC канстатуюць: 2-гі квартал года стаўся вельмі паспяховы.

«Галоўнай прычынай імклівага росту сталася рэінкарнацыя вонкавагандлёвага цуду. У 2-м квартале рост экспарту працягнуўся, і яго фізаб’ём скарыў новы гістарычны пік […]. Экспартны бум абумоўлены шэрагам фактараў, звязаных з адметнасцямі постковіднай макрадынамікі ў свеце», – адзначаецца ў эканамічным аглядзе BEROC за 2-і квартал 2021 года.

Сярод гэткіх фактараў – тое, што пакуль у свеце назіраецца паўсюдны рост цэнаў, беларускія вытворцы іх штучна стрымліваюць, робячы сваю прадукцыю таннейшай і, адпаведна, больш прывабнай. Таксама даліся ў знакі глабальны цэнавы шок на харчы і аднаўленне нашаю краінаю ранейшых аб’ёмаў экспарту нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў.

Вось толькі што будзе з гэтым беларускім цудам, калі эфект ад выздараўлення ўсясветнай эканомікі вычарпаецца?

«Літаральна праз некалькі месяцаў пераможныя рэляцыі пра тое, што, маўляў, глядзіце, які ў нас моцны рубель, як у нас насуперак злараднікам эканоміка расце, – гэтая рыторыка скончыцца, таму што гэтых лічбаў не будзе», – не сумняецца эканаміст Сяргей Чалы.

З ім пагаджаецца эксперт Цэнтру BEROC Дзмітрый Крук:

«Істотная верагоднасць таго, што напрыканцы года – асабліва пад уздзеяннем санкцыяў – беларуская эканоміка з гэтага вельмі прывабнага падвышанага росту пяройдзе ў стан рэцэсіі, то бок скарачэння».

Што ж да заходніх санкцыяў, уплыў якіх эксперты BEROC ацэньваюць як вызначальны ў найбліжэйшай перспектыве, то аніякае палёгкі тут не прадбачыцца. Еўразвяз працуе ўжо над пятым пакетам санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Новыя абмежаванні маюць быць сінхранізаваныя з уладамі ЗША і Канады.

На што ў гэткай сітуацыі застаецца спадзявацца афіцыйнаму Менску, акрамя як на яшчэ нейкі цуд?

«Можа, нешта ў нас там і ёсць, нейкае мора ў Беларусі, якога мы з вамі яшчэ не знайшлі, – гэта галоўная тэма нашай сённяшняй размовы. Але калі б нам сёння 8–9 млн тонаў нафты – мы б жылі лепш за самыя багатыя краіны нашай планеты. Аднак, авохці, гэткага няма», – жаліўся сёння Лукашэнка, прымаючы з дакладам гендырэктара «Беларусьнафты» Аляксандра Ляхава.

Затое ёсць, да прыкладу, ва ўсходніх суседзяў. 9 верасня Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца ў Маскве, дзе не толькі могуць падпісаць усе дарожныя мапы інтэграцыі, як анансавалася раней, але і вызначыцца, урэшце, з аб’ёмамі расейскіх энергарэсурсаў і цаною на іх для Беларусі, як спадзяюцца на тое ў афіцыйным Менску.

«Дамагчыся, гледзячы па ўсім, тых варункаў, якія Беларусь хацела ад Расеі, а менавіта формулы цэнаўтварэння на газ, якая б рабіла яе набліжанай да мяжы Смаленскай вобласці, не атрымаецца, таму што Расея лічыць, што нізкія цэны на газ унутры Расеі – гэта іх натуральная канкурэнцыйная перавага», – упэўнены эканаміст Сяргей Чалы.

Дык ці застаюцца хоць нейкія магчымасці для ўратавання беларускай эканомікі?

«Самы просты механізм – відавочны, ён ляжыць на паверхні. Гэта развязанне ў палітычным рэчышчы. Гэта сканчэнне палітычнага крызісу на тых умовах, аб якіх кажа грамадства ўжо больш за год», – цвердзіць у размове з «Белсатам» эксперт BEROC Дзмітрый Крук.

А гэта, нагадаю, новыя сумленныя выбары без Лукашэнкі, спыненне ґвалту, вызваленне ўсіх палітвязняў і пакаранне ўсіх адказных за злачынствы супраць беларускага народу. Ці пойдзе на такое Лукашэнка – пытанне таксама са сферы цудаў.

Валера Руселік, «Белсат»